Днямі ў Петрыкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла дыялогавая пляцоўка “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Гістарычная памяць – сувязь часу і пакаленняўЦікавая і змястоўная гутарка неабыякавых людзей, зацікаўленых у давядзенні да шырокай грамадскасці дакладнай інфармацыі пра генацыд беларускага народа, чарговы раз акрэсліла кола пытанняў, якія на сучасным этапе даводзіцца вырашаць беларусам.

З кожным годам побач з намі ўсё менш не толькі ветэранаў вайны, але і сведак трагічных падзей ваенных гадоў. І гэта стала падставай для “ператоргвання” фактаў і скажэння гістарычнай праўды з боку асобных краін і палітычных дзеячаў. Аднак беларусы не дазволяць абясцэніць подзвіг салдата Перамогі і перапісаць гісторыю. Генеральнай пракуратурай у красавіку 2021 года ўзбуджана кры-мінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. У аснову прынятага рашэння пакладзены звесткі пра гібель мільёнаў беларусаў і іншых асоб у выніку зверстваў нямецкіх акупантаў і іх пасобнікаў. Плануецца, што звесткі з крымінальнай справы дазволяць паставіць перад міжнароднымі арганізацыямі пытанне аб прызнанні Беларусі пацярпелай ад генацыду, недапушчэнні спробы абясцэніць гістарычную праўду.

Па інфармацыі намесніка пракурора раёна Вадзіма Шыбута, у час правядзення расследавання крымінальнай справы толькі на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна апытана 132 непаўналетнія вязні канцлагераў і лагераў смерці. На тэрыторыі раёна выяўлены 23 месцы масавага знішчэння і пахавання, якія раней не былі вядомыя і не даследаваліся.

У кожным населеным пункце Беларусі ёсць месцы смутку, якія захоўваюць памяць пра трагічны лёс землякоў, знішчаных фашысцкімі акупантамі ў гады ваеннага ліхалецця. Для беларусаў гэта святыя месцы, дзе жыве памяць пра боль і пакуты, перажытыя суайчыннікамі. Пра адносіны царквы да актаў вандалізму на памятных месцах часоў вайны распавёў іерэй Сергій Капітан.

Варта прызнаць, што апошнім часам факты гераізацыі нацызму сустракаюцца і ў маладзёжным асяроддзі. Таму важна сёння, пакуль маем такую магчымасць, патрыятычнае выхаванне будаваць на сустрэчах, успамінах, сведчаннях удзельнікаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Грунтоўную работу ў гэтым накірунку праводзіць са сваімі выхаванцамі кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні першай гарадской школы Сяргей Шамра.

У нашай краіне ветэраны і ахвяры вайны не абдзелены ўвагай і клопатам нашчадкаў і дзяржавы. Аб прававым статусе, мерах сацыяльнай абароны і падтрымкі былых малалетніх вязняў прысутных пазнаёміла дырэктар ТЦСАН Марыя Уласкіна.
Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі сышліся ў меркаванні, што ў сучасным свеце памяць пра трагічныя і гераічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны жывіць сувязь пакаленняў і служыць гарантам захавання нацыянальнага суверэнітэту.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о