На старонках газеты мы часта звяртаемся да падзей Вялікай Айчыннай вайны. Здаецца, што пра тыя жудасныя часы мы ведаем амаль усё, але калі на мерапрыемствах, прымеркаваных памятным датам гістарычнага мінулага краіны, паглыбляешся ў лічбы скалечаных і знявечаных лёсаў, слухаеш пра новыя выяўленыя факты генацыду, становіцца зразумелым – мы яшчэ не ўсведамляем да канца маштаб той чалавечай трагедыі. Дыялогавая пляцоўка на базе цэнтральнай бібліятэкі ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа адкрыла прысутным новыя падрабязнасці нямецкіх злачынстваў, у тым ліку на Петрыкаўшчыне.

Нітка памяці тых крывавых дзён ніколі не парвеццаНямала дзяцей і падлеткаў сталі ахвярамі зверстваў фашыстаў у нашым раёне. У памяшканні музычнай школы ў час акупацыі размясцілася біржа працы. Яна займалася ўлікам насельніцтва, у тым ліку і падлеткаў, якія нароўні з дарослымі былі задзейнічаны на цяжкіх работах – капанні траншэй, узвядзенні абарончых збудаванняў, нарыхтоўцы лесу. Тут адбіралі здаровых юнакоў і дзяўчат для адпраўкі на працу ў Германію, а дзяцей ад 8 да 14 гадоў – у спецыяльныя лагеры, дзе ў іх забіралі кроў для параненых нямецкіх салдат. У вёсцы Свабода фашысцкія захопнікі стварылі спецыяльныя лагеры для дзяцей. За калючы дрот у два баракі на ўскраіне вёскі, гітлераўцы сагналі больш за 300 дзяцей з Петрыкава і навакольных вёсак, дзе малыя ўтрымліваліся ў жудасных, нечалавечых умовах. Многія з іх загінулі, частка была вывезена ў Германію для забору крыві, якая патрабавалася для лячэння нямецкіх салдат. Тыя, хто выжыў, успаміналі, як дзве сястры, Валя і Галя, прасілі хлеба ў немцаў. Фашысты здзекаваліся з дзяўчынак, парэзалі іх нажамі, а скрываўленыя трупы павесілі. Дзіцячы перасыльны лагеры быў арганізаваны ў вёсцы Лучыцы. Там утрымлівалася каля 130 малалетніх, якія ўсе былі вывезены ў Германію. Дзіцячыя пункты былі створаны фашыстамі ў вёсках Навасёлкі і Капцэвічы. А ў двары Капцэвіцкай школы размяшчаўся цэнтр, адкуль дзяцей адпраўлялі ў лагер для непаўналетніх вязняў у Магдэбург (філіял канцлагера Бухенвальд). У 1944 годзе на базе гарадской бальніцы гітлераўцы адкрылі станцыю па забору крыві ў насельніцтва. Сярод жыхароў горада добраахвотных донараў не аказалася. Тады фашысты прыступалі да жудасных злачынстваў. На досвітку палявая жандармерыя разам са здраднікамі, старастамі ўрываліся ў хаты, дзе былі непаўналетнія дзеці, забіралі іх і адвозілі ў будынак былога дзіцячага сада па вуліцы Карла Маркса. Там іх рэгістравалі, затым адвозілі на станцыю Капцэвічы, грузілі ў таварныя вагоны і адпраўлялі ў Мар’іну Горку Мінскай вобласці, а далей у вёску Скобраўку Пухавіцкага раёна, дзе размясціўся дзіцячы донарскі канцлагер.
З кожным годам жывых сведкаў той вайны становіцца менш і менш. Для нас важны кожны іх успамін, бо іх расказ – гэта праўда пра зверствы фашыстаў. Гісторыя падае нам найкаштоўнейшыя ўрокі пра тое, што не павінна паўтарыцца. Занадта дарагім коштам нам дастаўся мір на роднай зямлі. Прыведзеныя факты – толькі некаторыя прыклады, якія пераканаўча адлюстроўваюць бесчалавечную сутнасць мэтанакіраванай палітыкі знішчэння беларускага народа. Вайна адабрала дзяцінства, забрала жыццё ў сотні нашых маленькіх землякоў. На іх далікатныя плечы лег увесь цяжар ваенных нягод. Памяць пра іх подзвіг заўсёды з намі!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота Наталлі ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о