У нашых сацыяльных сетках мы неаднаразова паказвалі, як змяняўся горад. Шчыра кажучы, у пераважнай большасці выпадкаў, мінулы Петрыкаў і па інфраструктурнай, і па эстэтычнай складаючых значна саступаў гораду сучаснаму. Але былі такія аб’екты, што і зараз няблага ўпісаліся б у агульны выгляд райцэнтра і прыйшліся, здаецца, даспадобы гараджанам і гасцям нашага населенага пункта.
Паглядзіце, якая крытая тэраса стаяла з левага боку ад цэнтральнага ўвахода ў раённы Дом культуры. Не старэючы лёгкі класічны экстэр’ер аб’екта, як кажуць, на ўсе вякі і цудоўна атаясамліваецца ў велічнай архітэктуры ўстановы культуры.
Людзі паважанага ўзросту расказваюць, што тут бавілі час аматары інтэлектуальнага адпачынку: гараджане гулялі ў більярд, шашкі, шахматы, даміно, ды і наўпрост сустракаліся са знаёмымі, каб абмеркаваць апошнія навіны.
Згадзіцеся, такая тэраса была б дарэчы і зараз. Акрамя магчымасці прыемна і карысна правесці час, пасядзець у цені сярод зеляніны ў спякоту, магчымасць згуляць у шашкі ці шахматы папулярызавала б гэтыя інтэлектуальныя віды спорту сярод катэгорый насельніцтва рознага ўзросту. Глядзіш, і разам з дзядулямі тэрасу пачалі б наведваць і ўнукі.
Іншая справа, ці гатовыя мы да такіх падарункаў? Час ад часу мы з сумам канстатуем, што чарговы новы аб’ект для адпачынку нехта сапсаваў: церпяць альтанкі, лавачкі, нават кветнікі: то з’яўляюцца неандэртальскія фразы “тут быў…”, то іх пакідаюць засмечанымі, а то, наўпрост, ламаюць элементы аб’ектаў.
Аднак, ідэя здаецца нядрэннай, тым больш, што падобная тэраса, у цэнтральная частцы горада, не абавязкова каля раённага Дома культуры, дазваляла б праводзіць тэматычныя гульні і шмат іншых мерапрыемстваў. А ў час масавых гулянняў аб’ект можна было б ператварыць у кафетэрый ці экспазіцыйную прастору. Здаецца, мясцовыя пісьменнікі і мастакі былі б не супраць прэзентаваць тут свае творы. Да і наўпрост, хтосьці з гараджан сталага веку, паглядаючы на гэтую пабудову з усмешкай, мог згадаць цудоўныя гады маладосці.
Глядзеў на стары
фотаздымак Арцём ГУСЕЎ.
Оставить комментарий