Распавядаць дзецям пра экалогію варта не толькі з-за таго, што наша прырода знаходзіцца ў сапраўды хісткім становішчы, але яшчэ і для таго, каб выхаваць у іх адказнасць за свае паводзіны ў навакольным асяроддзі. Менавіта выхаваннем такой адказнасці займаюцца настаўнікі ўстаноў адукацыі нашага раёна.

Экалогія – гэта аснова нашага існаванняБОЛЬШ ФОТА ТУТ

Днямі, у гэтым накірунку гімназія горада Петрыкава трымала справаздачу па рабоце: тут прайшоў абласны семінар “Вопыт рэалізацыі розных форм экалагічнай адукацыі ў зялёных школах, апорных па эколага-біялагічным накірунку”.

Начальнік аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама Людміла Жукавец павітала гасцей і пазнаёміла іх з вопытам работы ўстаноў адукацыі Петрыкаўскага раёна па экалагічнай адукацыі навучэнцаў:
– Установе адукацыі належыць, магчыма, галоўная роля ў экалагічным выхаванні падрастаючага пакалення. Выхаваць у дзіцяці чалавека, які можа і жадае жыць у гармоніі з навакольным светам, з дапамогай разавых гучных акцый нельга, – адзначыла Людміла Мікалаеўна.

ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” на працягу чатырох гадоў з’яўляецца куратарам экалагічнай адукацыі ў раёне.

– Усяго ва ўстановах адукацыі раёна функцыянуе больш за 30 аб’яднанняў па інтарэсах эколага-біялагічнага профілю. 11 аб’яднанняў гэтага напрамку адкрыты ў Цэнтры творчасці і непасрэдна на базе ўстановы працуе 4 аб’яднанні, – расказала дырэктар Цэнтра Надзея Слабадзянюк. – Установы адукацыі раёна пад кіраўніцтвам Цэнтра творчасці, прымаюць актыўны ўдзел і становяцца прызёрамі абласных і рэспубліканскіх этапаў розных экалагічных конкурсаў, акцый, канферэнцый. Адной з самых яркіх падзей кожнага навучальнага года становіцца раённы этап рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў “Моладзь і экалагічныя праблемы сучаснасці”. Больш падрабязна на гэтым конкурсе спынілася дырэктар Гімназіі горада Петрыкава Людміла Хільман. Навучэнцы гэтай установы адукацыі штогод становяцца дыпламантамі конкурса.

У рамках сустрэчы для гасцей абласнога семінара былі арганізаваны майстар-класы па стварэнні вырабаў з прыроднага матэрыялу.

Далей удзельнікі семінара наведалі Ляскавіцкую сярэднюю школу. Як адзначыла дырэктар Антаніна Мачук, работа па экалагічным выхаванні навучэнцаў вядзецца тут актыўна.

– Настаўнікі нашай установы ўжо шмат гадоў развіваюць у вучняў любоў да роднага краю, беражлівыя адносіны да прыроды. Вялікую дапамогу ў арганізацыі даследчых работ аказвае Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Наша супрацоўніцтва дазваляе навучэнцам займаць прызавыя месцы на раённых і абласных конкурсах. І, увогуле, нам пашанцавала, што школа размясцілася ў такім прыгожым кутку Беларусі.
Затым агітбрыгада школы “Лісток” прапанавала тэатральнае выступленне ў падтрымку захавання чысціні на зямлі.
Сустрэча скончылася экскурсіяй па аграгарадку Ляскавічы.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о