Дзень сям’і: шлях да вялікага шчасця

0
89

Дзень сям’і: шлях да вялікага шчасцяДзень сям’і – гэта свята кахання, традыцый і падтрымкі, якое падкрэслівае ролю сям’і як асновы грамадства.

З чаго сям’я пачынаецца? З двух чалавек, двух лёсаў, якія ў нейкі момант становяцца адным, непадзельным.

Некалі такая лёсавызначальная сустрэча адбылася ў невялікім вясковым кафэ ў вёсцы Муляраўка: хлопец падняў вочы і не змог іх адвесці ад дзяўчыны. Ці здагадваліся Крысціна і Віталій у першы дзень знаёмства, што гэта пачатак вялікага сумеснага шляху? Невядома. Але гэта так.

Крысціна і яе сястра Марына нарадзіліся ў вёсцы Муляраўка. Бацька дзяўчат, Рыгор Мікалаевіч Літнер, працаваў у міліцыі, матуля, Яўгенія Адольфаўна – таварным камерцыйным агентам на чыгуначнай станцыі. З чыгункаю звязаны і лёс яе сваякоў:дзядуля, Адольф Пятровіч Галеня, працаваў дзяжурным, бабуля, Марыя Пятроўна – білетным касірам.Дзядзька Генадзій Адольфавіч – спачатку стрэлачнікам, а затым дяжурным па станцыі, стрыечная сястра, Алена Генадзьеўна Вайдановіч працуе білетным касірам. Пэўна ў такой сям’і інакш быць не магло, Крысціна таксама пайшла на чыгунку – станцыйным рабочым спачатку ў Муляраўцы, а затым у Пцічы. Вось такая вялікая і шматлікая чыгуначная сямейная дынастыя ў нашай гераіні.

Яе муж, Віталій Герасіменка, з вёскі Рог. Ён старэйшы сын Уладзіміра Іванавіча і Ганны Уладзіміраўны. Хлопец гадаваўся ў шматдзетнай сям’і: у яго ёсць брат Аляксандр і сястра Марына. Матуля Віталія шмат гадоў была загадчыцай Рагаўскога ФАПа, аказвала медыцынскую дапамогу землякам, а бацька ўсё жыццё аддаў прафесіі механізатара ў сельскай гаспадарцы. Па прафесійнаму шляху бацькі пайшоў і Віталій – сеў за руль трактара.

Сямейнае жыццё Крысціны і Віталія пачалося з першым днём вясны: 1 сакавіка нарадзілася новая сям’я. Віталій на той час працаваў механізатарам ААТ “Пціч-Агра”. Маладой сям’і выдзелілі службовы дом у аграгарадку Пціч, дзе яны і пачалі будаваць сваё сямейнае шчасце. А шчасце, як лічаць Віталій і Крысціна, у першую чаргу ў дзецях. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці сям’я Герасіменка скарысталася дзяржаўнай падтрымкай для шматдзетных сем’яў і на цэнтральнай вуліцы аграгарадка Пціч з’явіўся новы дом для вялікай дружнай сям’і. Дом пабудаваны з любоўю і клопатам, там гучаць дзіцячыя галасы і чуецца вясёлы смех.

У Крысціны і Віталія Герасіменка чацвёра дзяцей. Старэйшая, Аляксандра, пасля заканчэння школы атрымала прафесію швачкі ў Мазырскім каледжы і зараз працуе на ААТ “МШФ Надэкс”. Ксеніі 11 гадоў, яна вельмі любіць музыку, спявае і наведвае філіял музычнай школы па класу фартэпіяна. Уладзіславу 8 гадоў, гэта жвавы і рухавы хлопчык, які захапляецца спортам. Больш за ўсё любіць камандныя гульні з мячом, асабліва футбол. Маленькай Віялетцы хутка споўніцца 3 гады і яна ўжо наведвае дзіцячы садок. Яна вельмі вясёлая, неўрымслівая.

Зразумела, што ў сям’і ёсць свае традыцыі, галоўная з іх – сабрацца за смачным прыгожым сталом, каб адсвяткаваць святы,значныя падзеі. У сям’і пануе ўзаемадапамога, без гэтага нельга. Дзеці – першыя памочнікі матулі і бацькі, зразумела, што і бацькі падтрымліваюць сваіх дзяцей.

Матуля Крысціна вельмі любіць кветкі, а дзяўчаты ёй з задавальненнем дапамагаюць іх высаджваць ва ўтульным двары і клапаціцца пра іх.

У мужчын таксама ёсць сваё агульнае хобі: Уладзіслаў з бацькам заядлыя рыбакі і часта бавяць вольны час з вудамі.

На пытанне: “Ці думалі Вы, што ў Вас будзе чацвёра дзяцей?” Крысціна адказала:
– Не, не думала. Але кожнае дзіця – запланаванае і чаканае. Самае цікавае – з’яўленне меньшай, Віялеткі. Яе наша Аляксандра загадала на Новы год. Дзеці заўсёды пішуць пісьмы Дзядулі Марозу. Вось старэйшая дачка і напісала: “Хачу, каб у нас з’явіўся яшчэ брацік альбо сястрычка”. У хуткім часе яе жаданне споўнілася, мы даведаліся, што ў нас будзе дзіця. Аляксандра вельмі чакала, усё разважала: хлопчык ці дзяўчынка, на каго будзе падобны маленькі? А калі нарадзілася Віялетка, стала зразумела, што яна – копія Аляксандры. Вось такі маленькі цуд, – з усмешкай расказвае матуля.

З нагоды гэтага светлага дня жадаем усім сем’ям Петрыкаўшчыны мірнага неба, узаемаразумення, дабрабыту і ўзаемнага кахання.

Надзея СІГАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о