“Моладзь. Патрыятызм.  Будучыня.”

Днямі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася дыялогавая пляцоўка “Моладзь. Патрыятызм. Будучыня”, прымеркаваная да 20-годдзя Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. На мерапрыемства былі запрошаны вучні-актывісты БРСМ з гарадскіх агульнаадукацыйных устаноў.
Дыялог з навучэнцамі распачала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Усціновіч-Насека: “Густы моладзі і, адпаведна, свет вашых захапленняў імкліва змяняюцца. Таму такія мерапрыемствы дапамагаюць высветліць, што цікавіць падрастаючае пакаленне і зрабіць работу БРСМ максімальна эфектыўнай, карыстай і цікавай для моладзі”.
Перад прысутнымі выступіла галоўны бухгалтар райкама БРСМ Маргарыта Герасіменка, якая распавяла пра асноўныя напрамкі дзейнасці грамадскай арганізацыі, шэраг мерапрыемстваў, якія арганізавалі на Петрыкаўшчыне маладзёжныя актывісты і планы саюза моладзі на будучыню.
Актывісты, у сваю чаргу, звярнуліся з прапановай арганізацыі для падлеткаў спаборніцтваў па гульнявых відах спорту.
Звярнуўся да моладзі і старшыня Петрыкаўскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, кіраўнік па патрыятычным выхаванні гарадской гімназіі Мікалай Жукоўскі, які адзначыў, што і ў савецкія часы, і зараз мэты маладзёжных арганізацый падобныя: стварэнне ўмоў для развіцця моладзі і патрыятычнае выхаванне. “Там, дзе за справу браліся камсамольцы, я заўсёды быў спакойны і ведаў, што яны выканаюць пастаўленыя задачы на вышэйшым узроўні. Хацелася б толькі, каб сучасная моладзь звярталася да нас, педагогаў, кіраўнікоў грамадскіх арганізацый з большай колькасцю ініцыятыў”.
Напрыканцы сустрэчы да актывістаў БРСМ звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько: “Вашай шчырай працай і намаганнямі былых пакаленняў зроблена немала добрых спраў. Хацелася б пажадаць, каб прынцыпы добрасумленнасці, адказнасці, дапамогі і адкрытасці вы пранеслі праз усё жыццё і паклалі ў падмурак актыўнай грамадскай пазіцыі сваёй асобы”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о