Архівы: нічога акрамя праўды

0
1298

У Год гістарычнай памяці пра генацыд беларускага народа мы расказваем не толькі праз успаміны відавочцаў тых страшных падзей, але і праз каментарыі гісторыкаў, у чыёй кампетэнцыі грунтоўнае вывучэнне і аналіз матэрыялаў. Праліць святло на факты злачынстваў дапамагаюць таксама і архіўныя дакументы. У гэтым матэрыяле мы раскажам пра бесчалавечнасць акупантаў і іх пасобнікаў, зафіксаваную ў актах расследавання злачынстваў, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі супраць савецкіх грамадзян пры акупацыі тэрыторыі Брынёўскага сельскага Савета Петрыкаўскага раёна. Дакументы атрыманы супрацоўнікамі Петрыкаўскай пракуратуры з фонду Палескай надзвычайнай камісіі па расследаванні злачынстваў і публікуюцца ўпершыню. Як адзначыў у час сустрэчы пракурор раёна Сяргей Таболіч, акты створаны на падставе паказанняў сведак і пакутлівых успамінаў-апавяданняў людзей, якія перажылі жахі вайны. Далей – сухой пісьмовых крыніц.

У ліпені 1941 года ў пасёлку калгаса “Чырвоны сцяг” карным атрадам былі расстраляны чатыры невядомыя асобы, што праходзілі праз пасёлак.
У студзені 1943 года атрад з 20-ці фашыстаў уварваўся ў вёску Брынёў. Ворагі схапілі партызана Фёдара Усцінавіча Цімашэню і яго жонку Кацярыну Пятроўну Малчанаву, якія збіраліся ісці ў партызанскі атрад. У гэты ж дзень схапілі сваяка Цімашэні Канстанціна Марфонава і ўсіх трох расстралялі. На расстрэл было сагнана мясцовае насельніцтва, каб паказаць і напужаць – што бывае з партызанскімі сем’ямі.
У студзені 1943 года ў пасёлку Піліпоны фашысцкімі акупантамі была расстраляна савецкая калгасніца Варвара Іванаўна Буднік. Прычына расстрэлу – невядома.
У лютым 1943 года ў вёску ўварвалася група паліцэйскіх, чалавек 15, начале з начальнікам паліцыі станцыі Капцэвічы Ігарам Цеслікам. Яны адразу накіраваліся да хаты Камісарчыка Барыса. Яго і ўсіх членаў сям’і арыштавалі і павялі на калгаснае гумно. Там іх паставілі да сцяны і расстралялі з кулямёта. Прычына расстрэлу – яўрэйскае паходжанне.
У сакавіку 1943 года ў пасёлак Піліпоны прыбыла група немцаў, чалавек 12. Яны ўварваліся і схапілі трох сясцёр: Варвару Цімафееўну, Ганну Цімафееўну і Ніну Цімафееўну Казловіч, якія лічыліся партызанскай сям’ёй. Ворагі знялі з жанчын адзенне, звезлі ў лес і расстралялі.
У чэрвені 1943 года са станцыі Старушкі Жыткавіцкага раёна ў вёску Брынёў прыбыў атрад нямецкіх салдат і афіцэраў. Уварваўшыся ў вёску, немцы схапілі Івана Паўлавіча Пабылоўскага, якога спачатку білі палкамі, а пасля павесілі на варотах. Прычынай таму стаў нявыхад на рамонт чыгункі. Труп Пабылоўскага вісеў трое сутак. На 4 дзень, калі нямецкі атрад пакінуў вёску, родныя пахавалі мужчыну на вясковых могілках.
У маі 1944 года паблізу Піліпонаў 14-гадовыя дзеці пасвілі статак. Да іх падышоў нямецкі салдат, які забраў з сабою дзвюх дзяўчынак: Ганну Пінчук і Алену Браім – і адвёў іх у лес за 2-3 кіламетры, дзе спачатку здзекваўся, а пасля згвалтаваў. Змучаныя і знясіленыя дзеці ледзь вярнуліся дадому.
У ліпені 1944 года пры адступленні нямецка-фашысцкія злачынцы ў пасёлку Піліпоны арыштавалі Ігната Іванавіча Браіма. Мужчына быў хворы і не меў сіл ісці з немцамі – яго расстралялі.
Спіс злачынстваў можна працягваць доўга, вось толькі жудасныя карціны надоўга пазбаўляюць спакою. Работа з архіўнымі дакументамі – унікальны шанц абудзіць грамадскую свядомасць і прымусіць кожнага быць у адказе за наш мірны сённяшні і заўтрашні дзень.
– Амаль 80 гадоў таму беларускі народ за адмову падпарадкавацца волі захопнікаў, за імкненне адстаяць дзяржаву і яе незалежнасць заплаціў мільёнамі жыццяў сваіх сыноў і дачок. Работнікі пракуратуры працягнуць работу па устанаўленні гістарычнай праўды і ўшанаванні герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, – адзначыў у час размовы пракурор раёна Сяргей Таболіч.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о