Шмат праблем, якія стрымліваюць рост вытворчасці малака і мяса, мае жывёлагадоўля Петрыкаўшчыны. Менавіта таму па ініцыятыве старшыні райвыканкама Аляксандра Кохана кожны тыдзень у адной з сельгасарганізацый раёна будзе праводзіцца семінар-вучоба для кіраўнікоў сельгасарганізацый, загадчыкаў ферм і комплексаў. Першы такі семінар у мінулы чацвер прайшоў на МТФ “Вышалаў” СУП “Палессе-Аграінвест”.

Сумленная праца забяспечыць паказчыкіЯк павысіць надоі, павялічыць прадукцыйнасць жывёлы, увогуле палепшыць справы ў галіне жывёлагадоўлі, дзе тыя рэзервы, якія можна задзейнічаць, каб мець высокія паказчыкі, – пра ўсё гэта ішла гаворка на раённым семінары-вучобе, арганізаваным упраўленнем сельгасхарчу райвыканкама.
Агляд тэрыторыі МТФ “Вышалаў” пачаўся з клетак-домікаў, дзе да трох месяцаў утрымліваюцца цяляты. Каб атрымаць добрую карову, неабходна працаваць з маладняком, пачынаючы з першых гадзін нараджэння, упэўнены выконваючы абавязкі дырэктара СУП “Палессе-Аграінвест” Аляксандр Верамееў. “Атрыманае ў першую гадзіну жыцця малозіва станоўча садзейнічае далейшаму росту цяляці. Толькі ў такім выпадку яно зможа мець пэўны імунітэт. Не прыклаўшы намаганняў зараз, нельга ў будучым атрымаць карову з высокімі надоямі малака”, – лічыць кіраўнік гаспадаркі.
Належны догляд наладжаны тут за цялятамі на працягу ўсяго часу іх знаходжання на МТФ: жывёлаў кормяць спецыяльным, адпаведна ўзросту, камбікормам, даюць малако, потым яго замяняльнікі, у доміках дастаткова саломы – для чысціні і цяпла.
Першае, што кінулася ў вочы пры ўваходзе ў хлеў, дзе знаходзяцца больш за дзвесце дойных рагуль, – статак падзелены на групы, для кожнай з іх – асобны рацыён. У меню жывёлы дастаткова сенажу, сіласу, камбікорму, сена, вады, у патрэбных прапорцыях у кармасумесь дадаюцца розныя прэміксы і дабаўкі. Жывёлы спажываюць такі корм вельмі ахвотна.

Штодзённа на ферме прытрымліваюцца належнага распарадку, запэўніў кіраўнік. Кароў кормяць двойчы на дзень: у пяць гадзін раніцы і ў пяць вечара. Працаўнікі фермы дасканала ведаюць свае абавязкі, выконваюць іх своечасова і дакладна. Зрэшты, гэта было бачна і падчас семінара: сілас з канцэнтратамі на кармавых сталах падварушваўся кожныя паўтары-дзве гадзіны, гэта, як вядома, стымулюе жывёліну з’ядаць як мага больш і, у сваю чаргу, спрыяе павышэнню надояў.

На семінары былі дадзены парады па правільным складанні кармавых рацыёнаў жывёлы ў розныя перыяды ўтрымання, якія дазволяць нарасціць аб’ёмы прадукцыі жывёлагадоўлі, палепшыць яе якасць. Абмеркавалі пытанне захавання тэхналогіі нарыхтоўкі і захоўвання кукурузнага сіласу. Аляксандр Верамееў адзначыў, што няякасны корм – гэта хворая жывёла, недаатрыманая прадукцыя жывёлагадоўлі і, як вынік, – неэфектыўная работа сельгаспрадпрыемства.

Што патрэбна зрабіць гаспадаркам раёна сёння, каб заўтра пайшло добрае малако, павялічылася яго колькасць і павысілася якасць – пра ўсё гэта падрабязна, з прыкладамі, дакладнымі лічбамі і парадкам выканання работ, рацыёнам кармлення кожнай групы жывёлы, гаварыў у час семінара-вучобы старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан.

Толькі на выкананні тэхналогіі кармлення, утрымання жывёлы з тымі кармамі і з той матэрыяльнай базай што ёсць, без прыцягнення дадатковых рэсурсаў, кожная гаспадарка можа павысіць удоі малака на паўтара-два літры ўжо на трэці дзень, упэўнены кіраўнік раёна. Вось чаму тэхналогію Аляксандр Васільевіч назваў царыцай эканомікі кожнай гаспадаркі.

Таксама падчас семінара звернута ўвага на ролю загадчыкаў ферм у працэсе вытворчасці малака. Менавіта яны павінны кантраляваць выкананне тэхналагічных патрабаванняў, своечасова даводзіць да спецыялістаў і кіраўнікоў праблемы.
Ветэрынарная служба, у сваю чаргу, павінна аналізаваць кожны факт падзяжу БРЖ і інфармаваць пра гэта ўпраўленне сельгасхарчу раёна. У шэрагу гаспадарак вядзецца няпоўная вакцынацыя жывёлы, што пагражае ёй шматлікімі захворваннямі і падзяжом. А гэта, па словах кіраўніка раёна, проста недапушчальна.

Яшчэ адзін сур’ёзны мінус – слабая работа па асемяненні цялушак і кароў, а менавіта ад гэтага напрамую залежаць і атрыманне прыплоду, і малака.
– Тэхналагічны працэс на МТФ “Вышалаў” арганізаваны ўмела і гэта добры прыклад для іншых. Якасць малака, прадукцыйнасць жывёлы залежаць не столькі ад  мадэрнізацыі вытворчасці, новага абсталявання, колькі ад людзей, іх адказнасці і сумленнасці, строгага выканання працоўнай дысцыпліны, тады і вынікі не прымусяць сябе чакаць, – пазначыў старшыня райвыканкама.

Забяспечыць выкананне задання па вытворчасці малака – такая задача пастаўлена губернатарам перад упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання, а значыць, і перад кіраўнікамі гаспадарак, падкрэсліў Аляксандр Кохан. Для гэтага на сённяшні дзень ёсць усё: пагалоўе, кармы, памяшканні, спецыялісты і работнікі. Пры гэтым павялічыць патрэбна не толькі вытворчасць малака, але і яго якасць, яно павінна ісці толькі вышэйшым сортам і экстра.

У раёне толькі тры гаспадаркі здаюць малако сортам экстра. У большасці гаспадарак нізкія сярэднясутачныя ўдоі на карову, адсюль нізкія аб’ёмы прадукцыі, адсюль жа і нізкія зарплаты работнікаў – усё звязана адно з адным, засяродзіў увагу прысутных кіраўнік раёна.

Усё гэта – падстава больш грунтоўна задумацца над вынікамі сваёй працы кожнаму калектыву, радавым работнікам і спецыялістам. Бясспрэчна, што ланцужок дробных недахопаў і парушэнняў у тэхналогіі кармлення і ўтрымання жывёлы трэба разрываць. Калі яны накладваюцца адно на другое – утвараюцца вялікія праблемы.
У завяршэнне работы семінара Аляксандр Кохан зазначыў, што падобныя мерапрыемствы – гэта не толькі вучоба. Семінары трэба расцэньваць як своеасаблівую справаздачу калектываў перад калегамі і кіраўніцтвам раёна.

 Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о