На палях аграпрадпрыемстваў Петрыкаўшчыны, як і па ўсёй краіне, у разгары жніво. Усе сілы і думкі людзей накіраваны на галоўнае – хутка і якасна ўбраць ураджай. Дазволіць сабе адпачыць хлебаробы не могуць – дзяржзаказ як ніколі ў прыярытэце, але справа нават не ў ім. Каб не было, як у той байцы Крылова, дзе страказа засталася без запасаў на зіму, аграрыі сёння ў полі ад світання да заходу – адначасова са жнівом збожжавых актыўна ідзе нарыхтоўка кармоў для статка, сяўба люцэрны, падрыхтоўка палёў пад сяўбу зімовага рапсу. Днямі завіталі на палеткі ААТ “Камаровічы”, каб даведацца, як там прыбіраюць ураджай.

Галоўны аграном Іван Талецкі расказаў, што ў полі сёння працуюць тры камбайны.
– У гэтым годзе трэба ўбраць 2000 гектараў збожжавых. Сезон пачаўся складана з-за дажджоў, але зараз мы ўвайшлі ў патрэбны рытм. Сярэдняя ўраджайнасць – 29 цэнтнераў з гектара.

Зараз прыбіраем жыта, пад яго ў нас выдзелена 919 гектараў зямлі, ужо ўбралі – 610. Пад трыцікале адведзена 200 гектараў, пад авёс – 640 гектараў. Авёс у нас на чарзе. У сярэднім у дзень механізатар вывозіць з поля каля 100 тон збожжа – гэта вельмі добрыя лічбы. Тут толькі важна ўлічваць: чым лепшае надвор’е, тым і лічбы вышэйшыя. Дзяржзаказ плануем выканаць у канцы тыдня. Кормяць нашых аграрыяў паўнавартаснымі абедамі і вячэрамі.

Адпачываць будзем зімойАляксандр Харланаў працуе вадзіцелем па адвозцы збожжа больш за 40 гадоў. Сам родам з вёскі Бобрыкі. Пасля заканчэння школы прайшоў службу ў войску. У родныя мясціны вярнуўся з задавальненнем. Тут ён знайшоў сваё каханне. Разам з жонкай нарадзілі дзвюх дачок, зараз дапамагаюць выхоўваць 5 унукаў. У пагодлівы дзень наш герой адвозіць да 100 тон збожжа. Кажа, што такія лічбы – вялікі поспех.

Адпачываць будзем зімойУладзімір Аксёнаў таксама з вопытных – працуе ў сельскай гаспадарцы 35 гадоў. Родам з Галоўчыц. Скончыў будаўнічае вучылішча ў Хойніках, але па спецыяльнасці не пайшоў працаваць. Гаворыць, праца на палях сэрцу бліжэй. Мужчына перасягнуў тысячны рубеж па намалоце збожжа.

Адпачываць будзем зімойКамбайнер Аляксандр Дзяюн у сельскай гаспадарцы адпрацаваў 25 гадоў, затым пайшоў працаваць у “Беларуськалій”, а адтуль – у лясніцтва. Цяпер мужчына аказвае дапамогу сваёй гаспадарцы, бо кожныя вольныя рукі сёння трэба задзейнічаць. Мужчына скончыў школу ў Камаровічах, а потым вайсковую службу праходзіў у Ленінградзе, там і атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля.

Адпачываць будзем зімойВопытны бацька Ігар Чычыкайла з перадае сыну сакрэты працы ў полі.
– Артур – мой памочнік, – сур’ёзна адзначыў бацька. – Вядома, кажу сыну, што трэба ехаць паступаць у вялікі горад, тым больш ён ужо ў выпускным класе, але ён пакуль імкнецца даведацца пра ўсе нюансы працы ў полі.

Камбайнер Ігар Адамавіч родам з Казахстана. Сямейныя абставіны прымусілі нашага героя пераехаць у 4 гады да бацькі ў Беларусь, які таксама працаваў у сельскай гаспадарцы.

– Можна сказаць, што я пайшоў па шляху бацькі. Пасля заканчэння школы адслужыў у войску. Вярнуўся на Радзіму і з таго часу ў палях. Тут, у родных мясцінах, у мяне нарадзіліся і выраслі дзеці.

Наталля Петрушэнка,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о