Першыя працоўныя крокі

0
273

Студатрад імя Зоі Касмадзям’янскай прыступіў да працоўнай занятасці ў ААТ “Пціч-Агра”.

Для юнакоў і дзяўчат Петрыкаўшчыны летні перыяд – гэта не толькі адпачынак, але і выдатная магчымасць набыць першы працоўны вопыт і зарабіць свае ўласныя грошы.

Першыя працоўныя крокіЮныя байцы студэнцкага атрада, які носіць імя Героя Савецкага Саюза, пачалі сваю працоўную дзейнасць на зернятаку ААТ “Пціч-Агра”. Юнакі і дзяўчаты ўключыліся ў напружаную пару жніва і дапамагаюць аграрыям справіцца з аб’ёмамі ўраджаю. У многіх рабят бацькі, родныя працуюць у сельскагаспадарчай галіне. Цешыць, што яны працягваюць традыцыі сваіх мам і тат, ахвотна ўдзельнічаючы ў працоўнай занятасці.

У гаспадарцы вучні працуюць па чатыры гадзіны ў дзень. З вялікім задавальненнем і жаданнем студатрадаўцы кожны дзень пракладваюць шлях ад дома да зернятоку.

Праца ўключае ў сябе шырокі спектр задач: сартаванне і ачыстка збожжа, загрузка зернясушыльнай машыны для ачысткі збожжавых культур, падбор збожжа і прывядзенне ў парадак складскіх памяшканняў. Нягледзячы на тое, што гэта толькі пачатак іх працоўнага шляху, да справы яны паставіліся сур’ёзна.

Арганізацыяй працоўнай занятасці кіруе камандзір атрада Мікалай Бандарэнка, кіраўнік па патрыятычным выхаванні Пціцкай сярэдняй школы.

Першыя працоўныя крокіКамісар студатрада Аляксандра Маліноўская (на фота), вучаніца 9-га класа Пціцкай сярэдняй школы выказала сваё меркаванне:

– Мы разумеем, наколькі важная наша праца для гаспадаркі. Я працую ў студатрадзе ўжо трэці год запар. Мне вельмі падабаецца атмасфера, якая пануе тут: узаемавыручка, паразуменне, узаемадапамога, сяброўства і, вядома ж, гумар, без яго ні куды.

Летняя працоўная занятасць – гэта ўклад у будучыню: бо менавіта з такіх і ініцыятыўных рабят вырастаюць надзейныя спецыялісты і актыўныя грамадзяне, здольныя не толькі працаваць, але і развіваць сваю малую радзіму.

Наперадзе ў рабят яшчэ шмат працоўных дзён. Няхай гэты летні вопыт стане для іх добрым стартам у дарослае жыццё, а першыя заробленыя грошы прынясуць задавальненне і ўпэўненасць у сваіх сілах.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о