“Зялёнае жніво” – крок у будучыню кармазабеспячэння

0
36

“Зялёнае жніво” – крок у будучыню кармазабеспячэння

Старонняму назіральніку можа падацца, што ўтрыманне жывёлы і яе харчаванне аднолькавыя на ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

Але гэта не так, нават пры стойлавым утрыманні жывёлы, якое зараз пераважае ў гаспадарках, у кожнай з іх свой падыход да харчовага рацыёну буйной рагатай жывёлы.

Напрыклад, у БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” адмовіліся ад зялёнай свежаскошанай травы, прадпрыемства мае паўтарагадовы харчовы запас. “Рагатыя прыгажуні” не чакаюць, пакуль з поля прыбудзе зеляніна – кармы побач і адразу трапляюць на «стол» жывёлы. Наведаўшы МТК “Капаткевічы”, карэспандэнты «ПН» упэўніліся ў гэтым. На бетаніраваных пляцоўках, нібы іншаземцы з фантастычнага кіно, ляжалі доўгія і тлустыя, здавалася, бясконцыя “рукавы” мінулагодняй плюшчанай кукурузы, якой было загатавана 6000 тон, што ў поўнай меры адпавядае патрэбам жывёлы на год.

Побач дзве траншэі з сенажом і сіласам таксама мінулагодняга ўраджаю.
Сяргей Моўка, намеснік дырэктара па вытворчасці тлумачыць, што ў гаспадарцы зрабілі выснову, што сянаж, сілас, плюшчанае зерне, замешаныя ў высокакаларыйныя кармы, значна лепш як для адкорму, так і для якасці і колькасці малака, чым зялёная трава. На год на захоўванне закладваецца толькі сенажу 17000 тон, акрамя гэтага сілас і плюшчанае зерне.

“Зялёнае жніво” – крок у будучыню кармазабеспячэнняМіж тым, маючы значны запас кармавой базы, аграрыі ААТ “Чалюшчавічы” не “спяць у шапку”, а дбаюць пра будучыню – у гаспадарцы стартавала нарыхтоўка зялёных кармоў.

Магутныя МАЗы і трактары, загружаныя скошанай травой прыбываюць з палеткаў на комплекс. Важны момант – узважванне – гэта дазваляе адсачыць танаж зялёнай масы, якая ідзе на закладку. Далей у справу ўключаецца цяжкая тэхніка: магутныя “Растсельмаш 2400” і “Амкадор” на нашых вачах трамбуюць сянаж. У гэтым годзе гэта першы ўкос, які кладзецца на захаванне –“ластаўка” будучых запасаў.

– Штогод перазагружаем новыя пляцоўкі, каб мінімалізіраваць пустазельную расліннасць у пасевах шматгадовай травы. За апошнія 2 гады толькі люцэрнай у гаспадарцы засеяна каля 600 гектараў, акрамя таго на палетках канюшына, цімафееўка, яжа. Закладка сенажу толькі стартавала. Але ў яме, як вы можаце бачыць, ужо закладзена каля 1000 тон зялёнай масы, скошана больш за 100 гектараў. Кожны жывёлагадоўчы комплекс нашай гаспадаркі мае свае сховішчы для сіласу і сенажу. Час не стаіць на месце, мы рухаемся наперад, праводзім мадэрнізацыю, у тым ліку і месцаў захоўвання кармоў. Так у мінулым годзе на жывёлагадоўчых комплексах было пабудавана 11 новых сучасных траншэй: па дзве у Капаткевічах, Зарэчцы, Першай Слабодцы, у Другой Слабодцы – пяць, – паведамляе Сяргей Уладзіміравіч. – Гэта зроблена для таго, каб адысці ад палявых “курганоў” і старых ям, якія ўжо не адпавядаюць новым сучасным патрабаванням. Для абслугоўвання старых сховішчаў патрэбна магутная тэхніка, яны знаходзяцца на значных адлегласцях ад малочнатаварных ферм. У сучасных умовах кармы захоўваюцца на бетаніраваных пляцоўках, што дазваляе засцерагчы іх ад пашкоджання грунтавымі водамі, аблягчае карыстанне кармасховішчам, тут можна выкарыстоўваць невялікі пагрузчык, які можа забяспечваць ферму кармамі, а буйная тэхніка вызваляецца для іншых сельскагаспадарчых патрэб.

“Зялёнае жніво” ў БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” пачалося, закла-дзены першыя тоны сенажу на захоўванне і аграрыі не спыняюць тэмпу: наперадзе лета – гарачая пара, дзе кожны дзень ставіць новыя задачы.

Надзея СІГАЙ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о