Тэхнічная гатоўнасць – галоўны прыярытэт перад уборачнай

0
41

Тэхнічная гатоўнасць – галоўны прыярытэт перад уборачнайУборачная кампанія не за гарамі, і ад таго, наколькі якасна да яе падрыхтуюцца аграрыі, залежыць не толькі хуткасць збору ўраджаю, але і яго якасць.

Дзяржаўны тэхнічны агляд – сур’ёзны экзамен.

– Спраўнымі камбайны лічацца толькі пасля праходжання тэхагляду, звяртаю на гэта асаблівую ўвагу. Своечасова падрыхтаваная тэхніка – гэта адсутнасць страт пры ўборцы культур, – адзначыў галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Петрыкаўскага райвыканкама Дзмітрый Каленік.

Толькі спраўны камбайн здольны захаваць саму машыну, жыццё механізатару, а таксама вырашчаны ўраджай. Таму ў працэсе тэхагляду зернеўборачнай тэхнікі асаблівая ўвага была нададзена працаздольнасці і экалагічнай бяспецы тэхналагічнага абсталявання, тэхнічнай спраўнасці сістэм і вузлоў, наяўнасці першасных сродкаў пажаратушэння, аптэчак, а таксама рэгістрацыйных дакументаў.

Адзін за другім механізатары дэманстравалі якасць падрыхтаванасці свайго камбайна, паказваючы, як працуюць рулявая і тармазная сістэмы, светлавыя прыборы, ці спраўны стоп-сігнал.

“Палессе-Аграінвест” стала адным з першых прадпрыемстваў АПК раёна, якое не толькі якасна, але і да намечанага тэрміну падрыхтавала да тэхагляду 100% тэхнікі. Неблагі паказчык у гэтай важнай справе мае сельскагаспадарчае прадпрыемства БК-АГРА ААТ “Чалюшавічы”. З 7 адзінак тэхнікі паспяхова прайшлі агляд 6 – гэта 86%. Адна зернеўборачная машына пакуль знаходзіцца на рамонтных работах, але ў хуткім часе далучыцца да строю.

Варта адзначыць, што тэхагляд у хуткім часе пройдуць усе гаспадаркі Петрыкаўшчыны.

Падводзячы вынікі, Дзмітрый Каленік адзначыў, што камбайнеры з вялікай адказнасцю падышлі да правядзення мерапрыемства. Цяпер аграрыяў праэкзаменуе сама ўборачная.

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о