
Званы храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў г.п.Капаткевічы
Што адчуваеце вы, калі над горадам ці вёскай гучыць са званіц мясцовых храмаў меладычны перазвон? Асабліва прыгожа адбываецца гэта ў нашым раённым цэнтры, калі званы Свята-Мікалаеўскага храма бы размаўляюць са званамі Увазнясенскай царквы, а затым, дамовіўшыся, злучаюцца ў адзін, нейкі неверагодны, фантастычны музычны перазвон – і плыве над горадам і над ракою меладычная музыка некуды далёка-далёка… Падаецца, што кожны запаволіць хаду, а то і замрэ ў нейкай чароўнай мілагучнасці прасторы, а сэрца адгукнецца нечым шчымліва-лагодным.
Званы з глыбіні стагоддзяў прынеслі нам сваю таямніцу. З’явіліся правобразы званоў у старажытным Кітаі, адкуль і трапілі ў Еўропу. Званы выкарыстоўваліся не толькі для набажэнстваў, яны былі сродкам перадаць інфармацыю пра надзвычайныя падзеі, адлічвалі час.
Даведка
30 студзеня адзначаецца не афіцыйны, але вельмі папулярны дзень – дзень царкоўнага звону. Адны звязваюць гэты дзень з паданнем аб зараджэнні малінавага звона ў Маскве 30 студзеня 1487 года, а іншыя адносяць прычыну да загаду кіраўніцтва краіны Саветаў аб забароне званіць у званы на царкоўных званіцах вялікіх гарадоў. У гэты час у маладой дзяржаве пачалі здымаць званы з царкоўных званіц і адпраўляць на пераплаўку: краіне быў патрэбен метал. Па сутнасці, савецкае кіраўніцтва пайшло па шляху Пятра І. Гэты расійскі цар-рэфарматар падчас руска-шведскай вайны ў 1701 годзе таксама аддаў загад здымаць царкоўныя званы і пераплаўляць. Як кажуць, ваенныя інтарэсы наперадзе ўсяго! Менавіта з металу царкоўных званоў былі адліты гарматы, якія дазволілі Пятру І “адчыніць акно ў Еўропу”. Як бы там не было, але гэты дзень дае нам нагоду паразважаць пра цудоўныя традыцыі выкарыстання званоў.
У Еўропе званы пачалі выкарыстоўвацца з VІ стагоддзя, а ў Візантыіі з ІХ стагоддзя. З Х стагоддзя яны трапляюць і на тэрыторыю Беларусі.
Званы выкарыстоўваюцца як у каталіцкай, так і ў праваслаўнай царкоўнай традыцыі, як заклік да малітвы, абвяшчэнне пра пачатак богаслужэння, суправаджэнне хросных хадоў і выраз царкоўнай радасці ці смутку.
Цікава, што розніца сама тэхніка звону: праваслаўныя званары гук здабываюць сродкам удару языка аб сценкі, а ў каталіцкай традыцыі прынята разгойдваць сам звон. Менавіта праваслаўная манера звону дазваляе зрабіць яго разнастайным.
Напрыклад, дабравест – рытмічныя ўдары ў адзін звон, якія абвяшчаюць “добрую вестку”. Трэзвон – урачысты звон ва ўсе званы, які выкарыстоўваецца ў святы. Між тым, перазвон – паслядоўныя ўдары ў кожны звон (ад малога да вялікага), якія сімвалізуюць сашэсце Божай ласкі. Жалобны перабор альбо пахавальны звон – павольны адзіночны ўдар па чарзе ў кожны звон, пачынаючы з самага малога, які выказвае скруху.
Для нашай краіны званы ўяўляюць асаблівую каштоўную гісторыка-культурную спадчыну. Хоць мы мяркуем, што ў Расіі больш храмаў, а між тым, менавіта ў Беларусі захаваліся найбольшая колькасць старадаўніх званоў.
Напрыклад, у Спаса-Узнясенскай царкве захаваўся самы старажытны Малодаўскі звон 1583 года. Жыровіцкі манастыр па праву ганарыцца найбуйнейшым званом вагой 14 тон, які ўпрыгожаны выявамі ікон і гарадоў-герояў. Усяму свету вядомы сумныя званы Хатыні, як плач па тысячам спаленых беларускіх вёсак.
Захаваліся на Беларусі званы беларускіх майстроў XVIII–XIX стагоддзяў, а таксама працы замежных майстроў, напрыклад, звон з Нясвіжскага замка, які называецца «беларускія цымбалы».
Асаблівае месца займае ў нашай краіне і звановае мастацтва – сваеасаблівае спалучэнне старажытных і сучасных традыцый.
Існуе і навука, якая вывучае званы, іх гісторыю, вытворчасць, акустычныя ўласцівасці і мастацтва звону. Яна называецца кампаніялогія (радзей – звоназнаўства).
У Петрыкаўскім благачынні дзевяць прыходаў, у якіх па наш час на службу вернікаў заклікаюць званы. Многія з гэтых званоў самі ўжо частка старажытнай гісторыі, якія праз часы і выпрабаванні цешаць душу людзей сваім звонам.
Што цікава, але ў Капаткевіцкай сярэдняй школе апошні і першы званок таксама дае невялікі царкоўны звон. З яго ў савецкі час пастараліся звесці, пашліфаваўшы, надпісы, але яны праглядаюць. Ніхто не можа расказаць, адкуль гэты звон трапіў у школу, але ён заве вучняў да ведаў.
Заканчваецца студзень – месяц рэлігійнага турызму, а мы прапануем для вас яшчэ адну нагоду паспець наведаць рэлігійныя святыні і паслухаць цудоўныя гукі – дзень званоў.
Надзея СІГАЙ, фота аўтара.





Оставить комментарий