Дарогі Петрыкаўшчыны пад кантролем

0
147

Камунальная і дарожная службы працягваюць работы па расчыстцы вулічна-дарожнай сеткі і вывазе снегу.

Цягам тыдню дарожная і камунальная службы Петрыкаўшчыны накіравалі ўсе рэзервы тэхнікі на ліквідацыю снежных завалаў. Асноўная задача на гэты час – прыбраць снежныя гурбы з пляцовак каля сацыяльных і грамадскіх аб’ектаў. Медыцынскія ўстановы, школы, дзіцячыя садкі, паштовыя аддзяленні і крамы – усе гэтыя месцы павінны быць даступныя для грамадзян у любы час. Ім надаецца першачарговая ўвага.

Дарогі Петрыкаўшчыны пад кантролем
Работнікі камунальнай службы на ўборцы снегу па вуліцы Гагарына ў райцэнтры

Важна адзначыць, што ў вырашэнні гэтай задачы задзейнічаны не толькі тэхніка, але і людзі, якія аддана выконваюць свае абавязкі, каб забяспечыць камфорт і бяспеку ўсіх жыхароў раёна.

Па інфармацыі дырэктара Петрыкаўскага райжылкамгаса Сяргея Гайчука, для барацьбы з наступствамі снегападаў задзейнічана 7 адзінак тэхнікі. Сярод іх – надзейныя МАЗы, універсальныя Амкадоры і магутныя трактары. Тэхніка працуе, каб забяспечыць бесперабойны рух транспарту і бяспеку пешаходаў. Сяргей Мікалаевіч адзначыў, што на дадзены момант з вуліц і тэрыторый раёна вывезена 320 тон снежнай масы. Але гэта толькі пачатак. Праца ЖКГ не абмяжоўваецца простай уборкай снегу з праезнай часткі. Вя-дзецца комплексная работа па пашырэнню вуліц, што дазваляе пазбегнуць затораў і аварыйных сітуацый. Ажыццяўляецца ачыстка тратуараў для камфортнага і бяспечнага перамяшчэння пешаходаў. Таксама ў полі зроку работнікаў ЖКГ парковачныя месцы.

– Выказваю шчырую падзяку ўсім, хто ўнёс свой уклад у забеспячэнне чысціні і парадку на вуліцах райцэнтра. Так, прыватны бізнес дапамог у ачыстцы тэрыторый уласных крам. Прадпрымальнікі праявілі клопат аб жыхарах раёна, забяспечыўшы ім бесперашкодны доступ да гандлёвых кропак. Таксама словы ўдзячнасці жыхарам шматпавярховак, актыўнасць і неабыякавасць якіх робяць наш райцэнтр лепшым. Але ёсць і тыя, хто у дадзенай сітуацыі стварае перашкоды не толькі сабе, але і суседзям.

Пакінуўшы асабісты транспарт на паркоўцы ці праезнай частцы, грамадзяне перашкаджаюць габарытнай тэхніцы ва ўборцы снегу. У ЖКГ нагадваюць, што аўтаўладальнікі абавязаны прыбіраць снег вакол уласнага аўто на адлегласці не менш за 1 метр, – адзначыў Сяргей Мікалаевіч.

Дарогі Петрыкаўшчыны пад кантролем
Яўгеній Чырыч: “Чысціня дарог – пытанне бяспекі”

Работнікі дарожнай службы таксама кантралююць сітуацыю і актыўна чысцяць аўтадарогі раёна, прыпыначныя пункты і тратуары ад снежных завалаў. Мы сустрэлі за працай работнікаў ДРБУ-112 у аграгарадку Ляскавічы. Дарожнікі шчыравалі на праезжай частцы, вызваляючы тратуарную дарожку ад гурбаў снегу.

– Кругасутачна, у любое надвор’е магутная тэхніка і зладжаная каманда работнікаў Петрыкаўскага ДРБУ-112 выходзяць на барацьбу са снегам. Цяпер, як гаворыцца, надвор’е дало невялікую перадышку, снег не ідзе. Але мы не спыняем тэмпы работ. Праца працягваецца, – рэзюмаваў Яўгеній Чырыч майстар Петрыкаўскага ДРБУ-112.

Дарогі Петрыкаўшчыны пад кантролем
Работнікі ДРБУ-112 шчыруюць на вуліцы Аляксандры Глушко ў аграгарадку Ляскавічы

Па словах Яўгенія Мікалаевіча, камбінаваная дарожная тэхніка прыбірае снег з праезнай часткі, тым самым пашыраючы яе для камфортнага руху аўтамабіляў. Адначасова ідзе апрацоўка трас рэагентамі. Каб прадухіліць утварэнне снежна-ледзянога накату, на дадзены момант выкарыстана 1700 тон пескасалянай сумесі. Не застаюцца без увагі дарогі ў населеных пунктах, якія дадаткова расчышчаюць ад снегу, аднаўляючы неабходнае транспартнае паведамленне.

– Таксама дарожнікі ачышчаюць ад снегу прыпыначныя пункты, каб землякам было камфортна карыстацца імі ў чаканні прыгарадных аўтобусаў. І яшчэ шмат іншых спраў, якія дапамагаюць людзям забыцца пра цяжкасці, выкліканыя ўмовамі надвор’я, і проста радавацца сапраўднай снежнай і марознай зіме.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о