Жанчына з гнуткім станам і цяжкой капной доўгіх чорных валос, імклівая, рухавая – яркая знешнасць адразу выдае прадстаўніцу цудоўнага цыганскага народа.
І сапраўды, Марына Мікалаеўна з’явілася на свет у працавітай і творчай цыганскай сям’і ў горадзе Слуцку. Матуля жанчыны працавала швачкай. Мілагучнае спеўнае і танцавальнае цыганскае мастацтва суправаджала Марыну з самага дзяцінства. Так сталася і ў яе сям’і. Чацвёра дзяцей гераіні: Любоў, Вера і Надзея, а таксама сын Мікалай убіралі гэту культуру з самага нараджэння падчас агульных сямейных святаў. Калі школьнаму музею спатрэбілася ў тэатралізаваннай пастаноўцы паказаць удзел у местэчковым кірмашы цыган, то дачка Люба і сын Мікалай стварылі цікавую і займальную замалёўку, якая ўражвала натуральнасцю і пакарыла запальным танцам хлапчука. Прычым не педагогі паказвалі Мікалаю, як трэба танчыць, а хлопчык сам прапанаваў танец.
Хочацца адзначыць, што не толькі традыцыі свайго народа захоўвае сем’я Марыны і Руслана Федарэнка, захоўваецца ў сям’і і мова. Зразумела, што бацькі і дзеці ведаюць рускую і беларускую мовы, але ў побытавых зносінах у паўсядзённым жыцці гучыць і цыганская мова, як напамін пра свае карані, як працяг традыцый, што ўжо некалькі стагоддзяў жывуць у цыганскай суполцы побач з беларускімі.
На Петрыкаўшчыну, малую радзіму мужа Руслана, Марына Мікалаеўна з сям’ёй прыехала больш 10 гадоў таму і стала “ўладаркай” белых малочных рэк – пайшла працаваць ў ААТ “Чалюшчавічы”. Тут жанчына зарэкамендавала сябе са станоўчага боку.
Пазней яе запрасілі на працу ў СУП “Палессе-Аграінвест” аператарам машыннага даення на МТФ “Церабаў”. На новым працоўным месцы Марына Мікалаеўна таксама паказала сябе адказнай і сумленнай працаўніцай, якая жадае працаваць, умее ўзаемадзейнічаць з калегамі і дакладна наладзіць працоўны працэс.
Гераіня майго аповеду – перадавік вытворчасці, праз яе рукі праходзяць сотні літраў малака штодзённа.
– Праца аператара машыннага даення патрабуе фізічнай цягавітасці, акуратнасці, любові да жывёлы і ведання асноў ветэрынарыі. Трэба быць уважлівым да тэхналогіі і захавання санітарна-гігіенічных патрабаванняў, бо ад гэтага напрамую залежыць якасць малака, якое пазней трапіць на стол да спажыўцоў, – адзначае суразмоўца.
Са сваімі працоўнымі абавязкамі Марына Мікалаеўна спраўляецца цудоўна і, як кожны адказны чалавек, не лічыць, што робіць нешта выключнае – яна проста працуе так, як ёй падказвае яе сэрца і як умеюць яе пяшчотныя і працавітыя рукі.
У вольны час Марына Мікалаеўна – клапатлівая жонка і маці, шчырая і адданая бабуля. Старэйшыя дочкі Люба і Вера ўжо пабраліся шлюбам. Абедзве шматдзетныя маці: у Любы падрастаюць Самуіл, Мілена і Вольга, а ў Веры – Цімур, Багдан і Мар’ям.
Жанчына прывыкла да працы, таму акружае сваіх родных любоўю і камфортам. Дзеці адказваюць ёй узаемнасцю і, калі прыязджаюць да матулі, дапамагаюць ёй ва ўсім. Малодшая Надзейка – матуліна апора і надзея, яшчэ вучыцца ў Мышанскай сярэдняй школе.
Беларуская зямля асаблівая – сотні гадоў на ёй суіснуюць розныя народы, працуюць на яе карысць, захоўваюць свае традыцыі. Марына Федарэнка – яркі прыклад таго, што самаадданасць, карпатлівая праца і адказнасць не залежаць ад нацыянальнасці, гэта агульныя рысы кожнага жыхара нашай Беларусі.
Творчай працы вам, Марына Мікалаеўна, міру і ладу ў сям’і.
Надзея СІГАЙ.





Оставить комментарий