11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

У гэты дзень мы аддаём даніну памяці тым, хто прайшоў жудасныя выпрабаванні фашысцкіх канцлагераў і выжыў, з болем успамінаем тых, што былі забіты, загінулі ад здзекаў, хваробы ці голаду.
Гераіня нашага аповеду – мілая цудоўная жанчына, якая разам са сваёй сям’ёй аказалася ў няволі ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Ім пашчасціла выжыць і вярнуцца на радзіму.

Родам з 41-га
Валянціна Рыгораўна Шпігановіч нарадзілася ў Петрыкаве амаль за два месяцы да пачатку вайны – 24 красавіка 1941 года ў шматдзетнай сям’і Ядвігі Адамаўны і Рыгора Васільевіча Шпігановіч.
Напачатку вайны старэйшы брат Альбін быў мабілізаваны і змагаўся з фашыстамі на фронце. Ён быў паранены і трапіў у шпіталь.
Мы адшукалі ў Базе дадзеных “Памяць народа” Шпігановіча Альбіна Рыгоравіча, чырвонаармейца 270 стралковага палка, які быў паранены 31.07.1942 года і выбыў з часткі ў шпіталь у Бакірава.
Яня, старэйшая сястра, была забрана гітлераўцамі ў Германію на работы разам з моладдзю.
– У Петрыкаве заставаліся бацькі і 5 малодшых дзяцей. Але ў хуткім часе схапілі і бацькоў, і разам з малалетнімі дзецьмі – дзвюма хлопчыкамі і трыма дзяўчынкамі павезлі ў Германію. Большы з дзяцей, Янек, па дарозе нейкім чынам здолеў уцячы. Ён трапіў у савецкую армейскую часць і, нягледзячы на падлеткавы ўзрост, таксама змагаўся з ворагам, – успамінае гераіня.

Родам з 41-га
Дзіцячая памяць Валянціны Рыгораўны не захавала момантаў знаходжання ў палоне: засталіся толькі ўрыўкавыя ўспаміны родных. Чаму ўрыўкавыя? Таму што ніхто стараўся пра гэта не згадваць – жывыя, здаровыя і добра! Толькі часам, у размове паміж сабой, не-не ды і ўсплывуць тыя ўспаміны.
Не ведае жанчына і месца знаходжання лагера, але са слоў родных у яе склалася ўражанне, што было гэта дзесьці паблізу Берліна.
Па ўспамінах маці, вязні не ведалі пра знаходжанне на тэрыторыі лагера крэматорыя. Ім казалі, што вядуць у лазню. Гэта пазней яны даведаліся, што з гэтай “лазні” не выходзяць. Людзей прасілі распрануцца перад мыццём. Затым заводзілі ў пакой. Пасля таго, як дзверы зачыняліся, падлога пад нагамі рассоўвалася і яны траплялі ў полымя.
Аднойчы і Ядвігу Адамаўну з дзецьмі распранулі і падвялі да двярэй “лазні”. Першая партыя зайшла ў крэматорый, а яны стаялі і чакалі сваёй чаргі. Але тут паступіў загад ім апрануцца. Другі раз людзей пастроілі для расстрэлу, матуля абняла, прытуліла дзетак да сябе, але па нейкай прычыне страляць не сталі.
Старэйшая сястра Яня, ці як была запісана па дакументах – Аня, калі-нікалі таксама ўспамінала, як катавалі іх немцы: білі бізунамі, наўмысна змочваючы іх, каб боль быў яшчэ мацнейшы. На спіне сястры засталіся шрамы ад тых здзекаў.
Не памятае Валянціна Рыгораўна і як сям’я вярталася дамоў. Са слоў маці, ішлі пешшу, дабіраліся вельмі доўга.

Родам з 41-га
Калі патрапілі ў Петрыкаў, то хата стаяла на месцы, але паловы даху не было – у будынак трапіў снарад. З цягам часу жыллё адрамантавалі. Маці працавала ў калгасе, там грошай не плацілі, нешта давалі на працадні. Атрымліваў заробак толькі бацька, які працаваў на пілараме.
Пасляваенны час быў цяжкі, старэйшыя браты і сёстры Валянціны атрымалі васьмігадовую адукацыю, а далей ішлі працаваць.
10 класаў скончыла толькі яна. Пасля школы вучылася ва Уладзімірска-Валынскім фізкультурным вучылішчы. Размеркавалі на першае працоўнае месца дзяўчыну там жа, на Украіне. Тры гады яна працавала ў вясковых школах. Затым скончыла інстытут па спецыяльнасці “Гісторыя і грамадазнаўства”. Жыла ў горадзе Даліна Украінскай ССР, дзе працавала ў школе-інтэрнаце. Гэты нафтавы гарадок, дарэчы, быў пабрацімам нашага горада Мазыра.
З распадам СССР жыццё памянялася, абавязковым патрабаванням стала ўжыванне ўкраінскай мовы. Для жанчыны гэта не было цяжкім, але хвалявалася, калі патрэбна было праводзіць адкрытыя мерапрыемствы з дзецьмі.
Затым на вуліцах горада Даліны ўсё часцей пачалі з’яўляцца бандэраўцы са сцягамі, спявалі песні. Зразумела, што трэба вяртацца на радзіму.
Вярнулася ў родны Петрыкаў Валянціна Рыгораўна ў 1999 годзе.

Надзея СІГАЙ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о