Заўтра спаўняецца сорак гадоў з моманту аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, наступствы якой адчула на сабе і Беларусь. Але гады ідуць, у чарнобыльскіх рэгіёнах жыццё адраджаецца, знаходзячы новыя формы і сэнсы.

Герой сённяшняга артыкула – наш зямляк Мікалай Корж, адзін з тых, хто змагаўся ў далёкім 1986 годзе з нябачным “ворагам”. Сустрэча з Мікалаем Іванавічам адбылася на яго малой радзіме – вёсцы Навасёлкі Петрыкаўскага сельскага Савета.
– Тут я нарадзіўся і наведваў пачатковую школу. Базавую адукацыю атрымліваў у суседніх Бяланавічах, сярэднюю – у другой гарадской школе, – пачынае свой расказ мужчына. – Пасля была вучоба ў Нараўлянскім вучылішчы па спецыяльнасці “трактарыст”.
Пасля атрымання прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі зямляк працаўлад-каваўся слесарам на Петрыкаўскую аўтабазу, набываючы навыкі рамонту і абслугоўвання тэхнікі. Затым – служба ў войску на Алтайскім узвышшы – месцы далёкім ад роднай зямлі, якое несумненна ўмацавала яго характар. Пасля дэмабілізацыі мужчына вярнуўся на ранейшую працу, дзе пасля заканчэння курсаў кіроўцы “сеў за баранку”.
– Я ўжо працаваў на самазвале з прыцэпам, калі ў пачатку мая 1986 года мне прапанавалі камандыроўку ў Хойніцкі раён для асфальтавання дарог у зоне пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Справа ў тым, што пасля аварыі, як экстранная мера дэзактывацыі, праводзілася асфальтаванне дарог і тэрыторый. Мэта была адна – “запячатаць” радыёнуклідны пыл, які асеў на зямлі. Гэта прадухіляла падняцце заражаных часціц у паветра ветрам і транспартам, а таксама аблягчала наступную ачыстку тэрыторый, – дзеліцца ліквідатар. – Я, другія вадзіцелі не ведалі: што нас чакае на месцы. Было шмат чутак, шмат незразумелага. Але трэба нешта рабіць для ліквідацыі наступстваў, трэба было абараняць людзей.
Мікалай Іванавіч як зараз памятае: работы пачаліся каля вёскі Бобчын. Жыхары гэтага і блізляжачых населеных пунктаў былі эвакуяваныя, а на тэрыторыі вадзіцелі прывозілі з Хойнік шчэбень, які дастаўляўся чыгункаю з Жыткавіч, Калінкавіч і вывозілі на неабходныя ўчасткі.

Уклад у агульную справу
Суразмоўца ўспамнае: адчувалася моцная салідарнасць сярод як ліквідатараў, так і насельніцтва. Людзі падтрымлівалі адзін аднаго, верылі, што разам яны змогуць пераадолець гэтую бяду. Ніхто не скардзіўся і не шукаў вінаватых. Замест гэтага суайчыннікі рабілі ўсё магчымае, каб справіцца з сітуацыяй, стрымаць небяспеку, мінімізаваць наступствы.
– Была задача, і мы яе выконвалі. Я заўсёды адзначаю, што праца ліквідатараў, нягледзячы на ўсю складанасць і небяспеку, унесла ўклад у агульную справу, – прызнаецца мужчына. – Гэтае адчуванне прыналежнасці да вырашэння агульнанацыянальнай праблемы, было для многіх галоўным стымулам.
І сёння ліквідатар адсочвае сітуацыю ў “чарнобыльскім” рэгіёне.
– Палітыка нашай дзяржавы паказала: на чарнобыльскіх тэрыторыях магчыма годнае жыццё. Рэгіёны, якія некалі лічыліся зонай адчужэння, паступова вяртаюцца да нармальнага рытму, – адзначае Мікалай Іванавіч. – Я вельмі рады бачыць, што тыя землі, дзе мы змагаліся з небяспекай, сёння зноў жывуць, што там растуць дзеці, людзі працуюць, што там ёсць будучыня. Гэта самая вялікая ўзнагарода для нас, ліквідатараў.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о