Пагадзіцеся, спалучэнне прафесіі выратавальніка і захапленне пчалярствам – рэдкая з’ява. Але, магчыма, менавіта ў гэтай супрацьлегласці і крыецца сакрэт поспеху Аляксандра Дашкевіча.

Ціхая мудрасць пчалінага рою

Навыкі і ўменне прымаць рашэнні ў самых экстрэмальных сітуацыях – усё гэта звыклыя будні першага намесніка начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, за плячыма якога не адзін год службы. Але мала хто ведае, што Аляксандр Дашкевіч знаходзіць аддушыну ў зусім іншай стыхіі – пчалярстве. Пра тое, як герою артыкула ўдаецца сумяшчаць дзве такія розныя, але важныя сферы дзейнасці, даведалася карэспандэнт “ПН”.

Ціхая мудрасць пчалінага роюПраца ў РАНС – гэта не проста прафесія, гэта пакліканне, якое патрабуе поўнай самааддачы. Гэта адмысловы графік, вядомы кожнаму супрацоўніку. Нягледзячы на тое, што рэжым на першы погляд здаецца не надта складаным, праца ў экстраным ведамстве патрабуе не толькі фізічнай, але і псіхалагічнай устойлівасці. Менавіта таму многія супрацоўнікі знаходзяць сабе захапленні, якія дапамагаюць ім “пераключыцца” ад працы. Хтосьці займаецца спортам, хтосьці – творчасцю, а для Аляксандра такім хобі, якое перадаецца ў яго сям’і ад дзядулі Івана Мікалаевіча з пакалення ў пакаленне, перарасло ў яшчэ адну любімую справу.

Ціхая мудрасць пчалінага рою Аляксандр прызнаецца: пчалярнай справе ён працягвае вучыцца і сёння:
– Заўсёды імкнуся даведацца нешта новае, гляджу анлайн-лекцыі, пераймаю вопыт у іншых пчаляроў, шукаю новыя падыходы для сваіх пчола сямей. Ды і пчалярства – гэта такая справа, якой трэба вучыцца ўсё жыццё. Бо год на год не прыходзіцца – дзесьці надвор’е падкачае, дзесьці іншыя фактары адыграюць ролю. Не бывае такога, каб запланаваў колькі трэба мёду сабраць – так і выйшла. Усе нюансы пазнаюцца на вопыце.

Ціхая мудрасць пчалінага роюПчальнік сям’і Аляксандра размяшчаецца ў вёсцы Бесядкі.
– Пасля работы я ўжо пачынаю планаваць, што трэба зрабіць на пчальніку. На дадзены момант мы ўжо “выставіліся” ў лесе, праходзіць аблёт пчол, і цяпер я ў працэсе вываду матак. У нашым раёне маткаводствам займаюцца не многія, асвоіў я гэты складаны працэс, які патрабуе глыбокіх ведаў біялогіі пчол, іх генетыкі і патрэб, чатыры гады таму. Матка – гэта пчала ў два разы большая за звычайную і выконвае яна адну функцыю – адкладае яйкі, з якіх развіваюцца ўсе асобіны ў сям’і. Усе пчолы жаночага полу. Да мужчынскага адносяцца выключна трутні. Іх пчаліная сям’я выводзіць толькі на лета – яны патрэбныя для працягу роду. Жывуць трутні з мая па жнівень, пасля іх выганяюць з вулля. Незайздросны лёс, – дзеліцца суразмоўца.
У пчалярстве наогул важна ўсё рабіць своечасова, таму што адзін упушчаны дзень можа каштаваць усяго сезону. Аляксандр адзначае: яго графік працы дазваляе займацца і домам, і пчоламі. Сям’я падтрымлівае яго незвычайнае захапленне і дапамагае ў гэтай працаёмкай справе бацька, Сяргей Іванавіч, і брат Дзмітрый.

Ціхая мудрасць пчалінага рою– Зараз непасрэдна завершылі падрыхтоўчыя работы да сезону – нацягнулі дрот на рамкі, зрабілі карпусы. Пчолы ўжо нясуць пылок, таму ўжо выставіў вашчыну, – распавядае пчаляр. Гэта дзіўны занятак. Пчалярства – безадходная вытворчасць: праполіс, маткавае малачко, воск і мёд. А зусім нядаўна мы пабудавалі апідомік – спецыяльнае месца, дзе ўнізе добраўпарадкавана прастора пад вуллі (можа змяшчаць ад 2 да 10 пчаладомікаў), а ў самой пабудове ў нас прадугледжаны ляжанкі. Шчыра кажучы, гэта ідэальнае месца, каб расслабіцца і атрымаць асалоду ад цішыні.
Аляксандр Сяргеевіч дадаў, што роўны гул і вібрацыя, якія ўтвараюцца пчоламі, дабра-творна ўплываюць на нервовую сістэму, дапамагаюць зняць стрэс і прыводзяць у парадак асноўныя сістэмы арганізма. Праверана асабіста.

Ціхая мудрасць пчалінага рою – Гадзіна сну ў апідоміку замяняе мне 4 гадзіны звычайнага сну ў кватэры, – дзеліцца суразмоўца.
Сярод сяброў, таварышаў па службе, землякоў і сваякоў Аляксандра не засталося абыякавых да мёду, які вырабляюць яго пчолкі – духмяны лясны, лугавы, рапсавы, кветкавы разбіраюць хутка.

Ціхая мудрасць пчалінага рою

– Людзям падабаецца. Але, як паказвае практыка, шмат мёду не бывае, бо калі ён добры, то людзі паспрабуюць самі і іншым параяць, – працягвае Аляксандр. – Есці мёд, калі захварэў, – ужо позна. Рабіць гэта трэба на пастаяннай аснове. Рэгулярнае ўжыванне прадуктаў пчалярства прыводзіць да таго, што ў арганізме выпрацоўваецца ўстойлівы імунітэт да вірусаў і бактэрый. Я сам ем мёд практычна штодня і вам раю.
Мужчына ўпэўнены: для якаснага мёду – трэба ўмець працаваць з самымі рознымі пародамі пчол. На пчальніку ў Аляксандра жывуць пчолы пароды Бакфаст і Карніка. Дарэчы, маткі пчол былі прывезены з Германіі, Польшчы і Магілёва. Кожная парода мае свае плюсы і мінусы. У свеце не існуе пчол, якія былі б абсалютна ўніверсальныя.
Агледзеўшы пчальнік, заўважаю вулей у выглядзе царкоўнай капліцы. Задаю пытанне: “а як жа прыйшла ідэя і хто зрабіў гэтую прыгажосць?”

Ціхая мудрасць пчалінага рою – Гэты вулей зрабілі з бацькам мы самі. Галоўнай загадкай, якая доўга не давала спакою, быў купал. Як надаць вуллю гэтую адмысловую, пазнавальную форму? Гэтае пытанне прымушала шукаць адказы. Я звяртаўся да знаёмых, шукаў падказкі. Але сапраўднае натхненне і, магчыма, нават благаслаўленне прыйшло з месца, дзе стагоддзямі захоўваецца мудрасць і традыцыі – з храма. Менавіта там, у атмасферы спакою і духоўнасці, мы знайшлі не толькі адказы на тэхнічныя пытанні, але і глыбокі сэнс. І вось, пасля карпатлівай працы наш вулей набыў сваю закончаную форму. Але гэта не проста драўляная хатка для пчол. На яго фасадзе, нібы абярэг і сімвал, размясцілася ікона святых заступнікаў пчалярства – Зосімы і Савація Салавецкіх. Гэтыя святыя займаюць асаблівае месца ў гісторыі пчалярства. Лічыцца, што менавіта яны першымі перадалі нашым продкам веды аб правільным і беражлівым абыходжанні з пчоламі, заклаўшы асновы гэтага высакароднага рамяства. На кожным пчальніку, як правіла, знаходзілася ікона салавецкіх святых. І наш пчальнік – не выключэнне.

Ціхая мудрасць пчалінага рою

Ціхая мудрасць пчалінага рою

P.S.Пакідаючы гэта дзіўнае месца, пытаю ў Аляксандра: “чаму мы, людзі, можам навучыцца ў пчол?” Пасля непрацяглага роздуму, Аляксандр адказвае: “Шчыра працаваць”.

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о