
У гарадскім амфітэатры прайшоў фестываль дзіцячай творчасці.
У рамках маштабнага рэспубліканскага фестывалю дадатковай адукацыі разгарнулася яркае свята, якое аб’яднала юныя таленты Петрыкаўшчыны, педагогаў і бацькоў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел гарадскія ўстановы сярэдняй і дашкольнай адукацыі і Брынеўская сярэдняя школа. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі разам з установамі адукацыі падрыхтавалі для гасцей насычаную і разнапланавую праграму.
На сцэне адзін за адным змяняліся вакальныя і харэаграфічныя нумары. Побач разгарнуліся інтэрактыўныя пляцоўкі: дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў актыўных гульнях і конкурсах, наведвалі майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Асаблівую цікавасць выклікала інтэрактыўная пляцоўка “Будні турыста”, дзе кожны мог адчуць сябе сапраўдным падарожнікам. А самыя маленькія госці свята з захапленнем размалёўвалі асфальт рознакаляровай крэйдай і выстройваліся ў чаргу да майстроў аквагрыму.
Па словах намесніка дырэктара ДУА «Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі» Ірыны Рамашэўскай, тэма занятасці навучэнцаў у вольны час становіцца як ніколі актуальнай. Цэнтр творчасці – гэта шматпрофільная ўстанова, якая гатова прапанаваць непаўналетнім занятак па інтарэсах.
– У гэтым навучальным го-дзе запланавана больш за 30 напрамкаў аб’яднанняў па інтарэсах. Як паказвае практыка, самымі любімымі сярод дзяцей застаюцца мастацкі профіль, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, музычная і харэаграфічная творчасць. Таксама вялікай папулярнасцю карыстаюцца эколага-біялагічны і турысцка-краязнаўчы напрамкі, – рэзюмавала Ірына Русланаўна.
Петрыкаўшчына багатая на таленавітых і ініцыятыўных дзяцей, а сістэма дадатковай адукацыі з’яўляецца надзейным фундаментам для іх паспяховага старту. Упэўнены, што новы навучальны год прынясе навучэнцам шмат яркіх адкрыццяў, перамог у конкурсах і незабыўных уражанняў.
Марыя ТАМКО, фота з сацыяльных сетак.







Оставить комментарий