
У Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь ва ўрачыстай абстаноўцы падвялі вынікі нацыянальнага этапу міжнароднага конкурсу “Права на здароўе”. Мерапрыемства было прымеркавана да Года аховы здароўя ў СНД, а ўдзел у цырымоніі ўзнагароджання прыняў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Гара.
Конкурс ставіў перад сабой задачы па фарміраванні ў грамадзян культуры здаровага ладу жыцця і выхаванне адказнага стаўлення да ўласнага здароўя. Удзельнікі з усіх куткоў краіны прадставілі свае работы, дэманструючы разуменне каштоўнасці чалавечага жыцця.
Асабліва прыемна, што ў ліку пераможцаў у намінацыі “Малюнак” апынулася наша юная зямлячка – вучаніца Брынёўскай сярэдняй школы Яўгенія Мярчыцкая. Карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” звязаліся з Яўгеніяй, каб даведацца з першых вуснай пра ўдзелу ў конкурсе і ўражанні ад такой значнай падзеі.

Як прызналася сама школьніца, калі яна даведалася пра правядзенне конкурсу, то, не раздумваючы, вырашыла прыняць у ім удзел. Ідэя будучай работы абмяркоўвалася разам з педагогам Таццянай Васільеўнай Барысавай. Нягледзячы на тое, што падрыхтоўка прыпала на летнія канікулы, работа над малюнкам вялася карпатліва і захоплена – настаўнік і вучаніца працавалі над увасабленнем задумы не адзін дзень.
— Думка намаляваць урача, які аглядае малога, прыйшла адразу,– расказвае Яўгенія. – На малюнку дзіця ўсміхаецца, бо яно адчувае, што знаходзіцца ў надзейных руках. Мне хацелася перадаць праз фарбы пачуццё абароненасці і даверу да тых, хто стаіць на варце нашага здароўя.
Кульмінацыяй поспеху стала паездка ў Мінск. Яўгенія прызнаецца: атрымліваць узнагароду з рук Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь было неверагодна хвалююча і ганарова. Юная зямлячка адзначыла, што крыху хвалявалася падчас цырымоніі. Калі яна паднялася на сцэну, то ў думках падзякавала свайму педагогу і калектыву навучэнцаў і настаўнікаў Брынёўскай сярэдняй школы, якія перажывалі за яе.
Мы ад усёй душы віншуем Яўгенію Мерчыцкую і яе педагога з заслужанай узнагародай! Ганарымся тым, што ў нашым раёне падрастае такая таленавітая і неабыякавая моладзь.




