5 верасня стадыён «Прыпяць» стаў сапраўдным эпіцэнтрам спартыўнага напалу. У рамках чэмпіянату Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд Другой лігі сустрэліся каманды “Петрыкаў” і “Ельск”.
Гэта было не проста чарговая гульня, а сапраўдная бітва за лідарства ў групе, дзе на кон ставіліся месцы ў турнірнай табліцы.
Нягледзячы на тое, што ветранае надвор’е ўносіла карэктывы ў гульню, галоўны вынік відавочны. Нашы спартсмены прадэманстравалі характар, волю да перамогі і бліскучую гульню. Першы гол камандзе супернікаў з галявой перадачы Юрыя Бердніка забіў Дзмітрый Шатырын. Гэты хвалюючы момант задаў тон усяму матчу. Наша каманда дзейнічала выдатна – хутка, упэўнена, цалкам кантралявала гульню, а абарончая лінія трымала ўдар, не даючы суперніку развярнуцца. Другая палова сустрэчы прайшла пад знакам поўнага дамінавання гаспадароў. «Ельск» спрабаваў адказаць, але наша абарона трымала ўдар, а атака рэалізоўвала моманты адзін за адным. У выніку – пераканаўчая перамога з лікам 5:1!
Дзвумя галамі адзначыўся Дзмітрый Шатырын, яшчэ адзін дакладны гол аформіў Уладзімір Харланаў, яшчэ два – на свой рахунак запісаў Максім Усс. Трыбуны не змаўкалі ні на хвіліну: барабаны задавалі рытм, які біўся ў такт з сэрцамі нашых футбалістаў, а шчырыя апладысменты дадавалі камандзе сіл. Гэта была сапраўдная атмасфера адзінства. Дзякуючы такой гульні наша каманда ўпэўнена замацавалася на другім месцы ў турнірнай табліцы.
Мы ганарымся ФК «Петрыкаў», які з кожным матчам даказвае высокую падрыхтоўку, прафесіяналізм і сапраўднае майстэрства. Гэта вынік штодзённай працы і любові да роднай зямлі. Нашы футбалісты – сапраўдныя патрыёты, якія славяць малую радзіму сваімі перамогамі, паказваючы, што наша каманда здольныя на многае.
Далей перад камандай стаяць новыя выклікі. У бліжэйшы час нашых хлопцаў чакаюць дзве адказныя сустрэчы з камандай “Днепр-Рагачоў”: хатняя і выязная. Мы жадаем нашым футбалістам цвёрдасці духу і новых спартыўных дасягненняў!

Марыя ТАМКО, фота аўтара.







Оставить комментарий