Лёс дзяцей, якія апынуліся пад нацысцкай акупацыяй – тэма, якая не страчвае актуальнасці. Менавіта тэме трагічных лёсаў дзяцей Гомельскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны прысвечана перасоўная фотадакументальная выстава “Скрадзенае дзяцінства”, якая зараз экспануецца ў ДУК “Петрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей”. Яна заснавана на сапраўдных фотаматэрыялах, дакументах дзяржаўных архіваў і матэрыялах крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.
З пачатку ваенных дзеянняў у 1941 годзе кіруючыя органы адной з аператыўных задач бачылі эвакуацыю малалетніх грамадзян. Аднак не ўсіх атрымалася адправіць на Усход далей ад вайны.
З пачаткам акупацыі фашыстамі ў розных гарадах і мястэчках Беларусі ствараліся гета, у якія заганялі яўрэйскае насельніцтва. На тэрыторыі Петрыкаўскага раёна гета былі арганізаваны ў Петрыкаве, Капцэвічах, Капаткевічах, Мышанцы, Пцічы. На тэрыторыі Гомельскай вобласці ліквідацыя яўрэяў, у асноўным, адбывалася ў 1941-1942 гадах.
Чым бліжэй была Чырвоная армія, тым больш жорсткімі станавіліся меры ў адносінах да мясцовых жыхароў. У 1943-1944 гадах мірных грамадзян масава зганялі на прымусовыя работы, у канцлагеры, заражалі тыфам, забівалі. Разам з дарослымі былі і дзеці. Па падліках камісіі па расследаванні злачынстваў нацыстаў на тэррыторыі Гомельскай і Палескай абласцей, было забіта не менш за 9315 дзяцей (не ўлічваючы Гомель).
Тысячы непаўналетніх траплялі ў перасыльна-размеркавальныя і канцэнтрацыйныя лагеры. У маі-чэрвені 1944 года ў Гомельскай і Палескай абласцях былі створаны спецыяльныя лагеры, дзе змяшчаліся выключна дзеці. Па дадзеных абласной камісіі, з Гомельскай і Палескай абласцей было сагнана 7764 дзіцяці да 16 гадоў. З іх вярнулася 4514 чалавек.
Найбольш вядомае месца прымусовага ўтрымання дзяцей знаходзілася ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Яно стала шырока вядома на ўсю краіну пасля адкрыцця мемарыялу “Помнік дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны”. Усяго ў Чырвоны Бераг было сагнана 1 990 дзяцей.
На тэрыторыі Петрыкаўскага раёна падобныя лагеры функцыянавалі ў Лучыцах, Петрыкаве, Капцэвічах. 20 чэрвеня 1944 года ў Петрыкаўскім раёне была праведзена акцыя па адборы дзяцей. У выніку было сабрана каля 200-250 дзяцей. Пасля чаго іх вывезлі на зборны пункт станцыі Капцэвічы.
Па рашэнні камандавання 9-й арміі вермахта неабходна было вывезці 40-50 тысяч беларускіх дзяцей з мэтай наступнага анямечвання. Аднак паспяховае наступленне войскаў Чырвонай арміі ў рамках аперацыі “Багратыён” не дало акупантам да канца ажыццявіць акцыю ў жыццё.
Выстава “Скрадзенае дзяцінства” – не проста збор фактаў, а балючы напамін пра невыносныя выпрабаванні, якія выпалі на долю самых безабаронных…
Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік музея.






Оставить комментарий