Урадам Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб прадаўжэнні тэрміну абарачэння імянных прыватызацыйных чэкаў “Маёмасць” да 31 снежня 2030 года.
Пра тое, як распарадзіцца чэкамі і якія магчымасці адкрываюцца перад грамадзянамі, расказалі ў аддзеле эканомікі райвыканкама.

ІПЧ “Маёмасць” – магчымасць удзельнічаць у прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці

– Падаўжэнне тэрміну абарачэння чэкаў – гэта важны крок, які дазваляе грама-дзянам больш удумліва рэалізаваць сваё права на ўдзел у прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці. На сённяшні дзень ІПЧ “Маёмасць” застаюцца законным інструментам для набыцця акцый прадпрыемстваў, – пазначыла намеснік начальніка аддзела эканомікі Наталля Петрушэнка.

Варыянты выкарыстання чэкаў

Найбольш распаўсюджаны спосаб, па інфармацыі спецыяліста, – абмен на акцыі. Грамадзяне могуць абмяняць свае чэкі на акцыі адкрытых акцыянерных таварыстваў праз падраздзяленні ААТ “ААБ Беларусбанк”. У спісе даступны як мясцовыя прадпрыемствы, так і кампаніі рэспубліканскага значэння. Стаўшы акцыянерам, вы атрымліваеце права на ўдзел у кіраванні таварыствам і атрыманне дывідэндаў (пры наяўнасці прыбытку).
Чэкі таксама можна перадаць блізкім сваякам (бацькам, дзецям, мужу ці жонцы, родным братам і сёстрам, унукам) або завяшчаць. Пры гэтым важна памятаць, што сваякі могуць выкарыстоўваць падораныя чэкі ў аб’ёме не больш за 250 штук.
Законам прадугледжана і магчымасць выплаты грашовай кампенсацыі за нявыкарыстаныя чэкі, але толькі пасля заканчэння тэрміну іх абарачэння для тых, хто атрымаў іх асабіста (не па дарэнні).

Варта адзначыць, што чэкі, ужо абмененыя на акцыі, лічацца скарыстанымі і вяртанню не падлягаюць.

– Мы рэкамендуем жыхарам раёна не адкладаць рашэнне на апошні момант і азнаёміцца з актуальным пералікам прадпрыемстваў, акцыі якіх прапануюцца да абмену на чэкі, у бліжэйшым аддзяленні банка, – рэзюмавала намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Наталля Петрушэнка.

Запісала Галіна КАЗАК.
Фота з інтэрнэт-крыніц.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о