Цыфравізацыя – справа, канешне, добрая. Але, як аказалася з цягам часу, першыя навыкі навучання дзіця ўсё ж павінна атрымаць у класічным стылі – з падручнікамі, сшыткамі, алоўкамі і ручкамі.
І гэта не настальгічныя выкладкі якога-небудзь постсавецкага рэтраграда, а вынікі даследаванняў замежных навукоўцаў.
Швецыя – краіна, якая адной з першых пайшла па шляху цыфравізацыі адукацыі: з 1994 года яна абсталявала свае школы камп’ютарамі, а з 2000 года ў класах масава пачалі з’яўляцца ноутбукі. Падручнікі і сшыткі змяніліся на электронныя гаджэты, тлумачэнні настаўніка – на самастойны пошук адказаў.
Але, праз 20-гадовы інфармацыйны рубеж вынікі цыфравізацыі аказаліся зусім не такімі, як чакалася. Маніторынг, які прайшоў з 2012 па 2022 год, паказаў рэзкае зніжэнне ведаў у маленькіх шведаў і негатыўнае ўздзеянне экранаў на навучанне і ўспрыманне інфармацыі.
Цяпер Швецыя інвестуе ў папяровыя падручнікі, развіццё навыкаў пісьма на паперы і атрыманне інфармацыі ад настаўніка. Больш таго, з 1 жніўня 2026 года Швецыя забараняе выкарыстанне гаджэтаў у школе, на перапынках і ў групах падоўжанага дня. Свой тэлефон вучань зможа атрымаць толькі пасля заняткаў.
Не толькі Швецыя, усё болей краін свету ўводзіць абмежаванні карыстання гаджэтамі падчас вучэбнага працэсу, а частка краін – забароны ці абмежаванні карыстання сацыяльнымі сеткамі дзецьмі да 15-16 гадоў і ў вольны час.
Мяркую, што вопыт Швецыі практычна даказаў: нельга адмовіцца ад педагагічных прыёмаў, якія выпрацавала чалавецтва на працягу соцен гадоў. Вучыцца без гаджэтаў ці мінімалізаваць іх выкарыстанне – сусветная тэндэнцыя.
Надзея СІГАЙ.






Оставить комментарий