7 красавіка Сусветны дзень здароўя. Існуе распаўсюджанае меркаванне, што больш за ўсіх пра здароўе ведаюць людзі, якія займаюцца спортам.

Карэспандэнт «ПН» завітала ў трэнажорную залу ў гарадскім пасёлку Капаткевічы і сустрэла там даволі вядомага спартсмена Ілью Марчанкова, Чэмпіёна свету і Еўропы па паўэрліфтынгу, майстра спорту міжнароднага класа, рэкардсмена РБ.
– Скажыце, Ілья Васілевіч, спорт – гэта здароўе? І як вы пракаментуеце дэвіз Сусветнага дня здароўя 2026 года?
– Часта лічаць, што заняткі спортам – гэта абавязкова здароўе. Але гэта не зусім так. Прафесійны спорт – гэта адно, заняткі ў трэнажорнай зале для падтрымання фізічнай формы, карэкцыі фігуры крыху іншая гісторыя. Нельга проста прыйсці ў спартыўную залу і адразу «стаць здаровым» – так не атрымаецца. Падтрымліваю дэвіз Сусветнага дня здароўя 2026 года: “Разам да здароўя, разам з навукай” – абавязкова павінен быць навуковы падыход, без гэтага нельга. Асабліва аматарам спорту, якія толькі пачынаюць займацца. Якасць і колькасць выканання практыкаванняў, і выкарыстанне вітамінаў і мінеральных дабавак, харчаванне – гэта ўсё павінна асноўвацца на навуковых дадзеных. Але трэба засцерагацца псеўданавукоўцаў, якія, прайшоўшы курсы, ужо даюць парады.
Калі казаць пра спорт, то ён вучыць дысцыпліне, вучыць ставіць мэты і дабівацца выніку.
У наведвальнікаў залы мы пацікавіліся:
– Што такое здароўе на ваш погляд і што прывяло вас да заняткаў спортам?
Ілья Есьмановіч:
– Здароўе – гэта рэжым дня, харчаванне, заняткі ў трэнажорнай зале, адсутнасць шкодных звычак і, канечне, псіхічнае здароўе. Кожны выбірае свой лад жыцця з карысцю. Па маім меркаванні, трэнажорная зала – цудоўная магчымасць бавіць час і альтэрнатыва шкодным звычкам. Я не п’ю алкаголь недзе з сябрамі, а іду і займаюся фізічнымі практыкаваннямі, пры гэтым развіваешся не толькі фізічна, ты расцеш і ў духоўным сэнсе.
Вольга Герасіменка:
– Як чалавек з медыцынскай адукацыяй магу сказаць, што здароўе – гэта не проста адсутнасць хвароб ці фізічных дэфектаў, а стан поўнага фізічнага, душэўнага і сацыяльнага дабрабыту. Яно прадугледжвае здольнасць арганізма паўнавартасна функцыянаваць, адаптавацца да навакольнага асяроддзя і весці актыўнае сацыяльнае жыццё.
У трэнажорнай зале займаюся нядаўна, але ўжо адчуваю пэўны вынік. Раблю гэта для сябе, для падтрымання належнага фізічнага стану. Хачу адзначыць, што моладзь Капаткевіч даволі актыўна наведвае трэнажорны зал і клапоціцца не толькі пра свой знешні выгляд, але і пра падтрыманне свайго здароўя.
Дзмітрый Верамееў:
– Для мяне быць здаровым – значыць займацца спортам, я ў гэтым упэўнены. Наведваю залу ужо некалькі гадоў. Перакананы, што юнаку гэта патрэбна, таму што мужчына павінен быць дужым. Заняткі ў трэнажорнай зале даюць мне зарад бадзёрасці, актыўнасці. Гляджу на старэйшых таварышаў і вучуся ў іх. Цудоўна, калі побач ёсць тыя, хто можа паказаць, падказаць, накіраваць у патрэбнае рэчышча.
У гэтым годзе я заканчваю школу, лічу, што заняткі спортам спатрэбяцца мне і ў далейшым жыцці.

Гутарыла Надзея СІГАЙ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о