Сёння адзначаецца Міжнародны дзень медыцынскай сястры.

Напярэдадні падзеі карэспандэнты “ПН” наведалі Петрыкаўскую ЦРБ, каб сустрэцца з адным з прадстаўнікоў гэтай высакароднай прафесіі – аперацыйнай медыцынскай сястрой хірургічнага аддзялення Алай Шостак.

Ала Сцяпанаўна родам з Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння Крайскай сярэдняй школы шлях дзяўчыны ляжаў у Мазырскае медыцынскае вучылішча, дзе яна атрымала спецыяльнасць “сястрынская справа”. Цікавы паварот у яе біяграфіі адбыўся падчас размеркавання. Сяброўкі, родам з Петрыкаўшчыны, прапанавалі Але паехаць на першае месца працы на іх малую радзіму. Дзяўчына згадзілася, і маладыя медыкі пачалі свой прафесійны шлях у хірургічным аддзяленні Петрыкаўскай ЦРБ.

І вось ужо трыццаць чатыры гады Ала Сцяпанаўна працуе на адным месцы. Больш за тое, яе былыя аднакурсніцы, Аксана Мікалаеўна Зданчук і Людміла Мікалаеўна Сігай, таксама працуюць у аддзяленні. Па словах гераіні, яны і па сённяшні дзень захоўваюць сяброўскія сувязі і прафесійную еднасць.

–Вялікую ролю ў маім прафесійным станаўленні адыграў загадчык аддзялення Яўгеній Паўлавіч Трыбуць. Менавіта ён, стаў маім першым настаўнікам, прыняў у хірургічную брыгаду. А праз два гады прапанаваў прайсці перападрыхтоўку з палатнай медсястры на аперацыйную. Я згадзілася, хоць разумела адказнасць такога рашэння, – успамінае медык. – Добра памятаю сваю першую працоўную змену ў тандэме з хірургам – 5 жніўня 1993 года. Гэта была сапраўднае “баявое хрышчэнне” – сем аперацый за змену. Медперсанал казаў, што такой колькасці аперацый за суткі даўно не было. Прызнаюся, што тады мяне падтрымала вопытная санітарка.

Па словах гераіні, калектыў хірургічнага аддзялення заўсёды быў згуртаваны. Яна ўпэўнена, што гэта залежыць, у першую чаргу, ад загадчыкаў аддзялення. Ёй пашанцавала працаваць пад кіраўніцтвам Ігара Віктаравіча Маслава і Уладзіміра Анатольевіча Зданчука. Іх прафесіяналізм, мудрасць і клопат аб пацыентах стваралі непаўторную атмасферу ў аддзяленні.

– Сёння аддзяленне ўзначаліў малады хірург Раман Паўлавіч Цалей, які працягвае добрыя традыцыі сваіх папярэднікаў. У нашым калектыве, па-ранейшаму, шануюць вопыт і працу ветэранаў галіны, – падзялілася суразмоўца.

Гераіня з гонарам расказвае, што ў адзяленні моцная каманда сярэдняга медыцынскага персаналу. Такі факт: шэсць медсясцёр набліжаюцца ці дасягнулі 55-гадовага ўзросту, аддаўшы хірургіі ўсё працоўнае жыццё. Гады, праведзеныя ў аддзяленні, навучылі медыкаў хутка ацэньваць сітуацыю, прадбачыць магчымыя ўскладненні і прымаць правільныя рашэнні ў крытычныя моманты.

– Мае калегі, як і я, знайшлі сваё прызванне, адчуваюць сябе патрэбнымі і цэняць сваю працу. Мы не проста выконваем свае абавязкі, мы жывем гэтай працай, – адзначае суразмоўца.

– У сваім жыцці яшчэ напачатку медыцынскай кар’еры я атрымала два настаўленні ад блізкіх мне людзей. Стараюся кіравацца імі і не парушаць. Адным з такіх сталі словы маці: “Стаўся да хворага так, быццам на яго месцы я”. Важнымі і сёння для мяне застаюцца словы былой старэйшай аперацыйнай медсястры Алы Лаўрэнцьеўны Жаўнерчук, якая казала “Наша прафесія абавязвае, каб усё было на 100%. Бо заўтра невядома хто можа трапіць на аперацыйны стол. Мы, нашы родныя, або знаёмыя”.

Гэтыя простыя але глыбокія словы з’яўляюцца сапраўдным маім компасам у прафесіі, якая патрабуе не толькі ведаў і навыкаў, але і спачування.

Ала Сцяпанаўна выхавала і сваю дачку ў адказнасці да справы.
Вераніка з’яўляецца яркім прыкладам таго, як прынцыпы, закладзеныя ў дзяцінстве, могуць прывесці да значных дасягненняў. Сёння дзяўчына займае пасаду начальніка інфармацыйнага паста аддзялення пагранічнага кантролю “Гомель». Яе жыццё, як і жыццё мужа, капітана пагранічнай службы, цесна звязана са служэннем Айчыне. За сваю шматгадовую і плённую працу, за высокі прафесіяналізм і адданасць справе. Ала Шостак па выніках 2025 года была занесена на Дошку Гонару Петрыкаўскага раёна. Гэта не проста ўзнагарода, а сведчанне яе значнага ўкладу ў развіццё аховы здароўя раёна і прыклад для маладога пакалення медыцынскіх работнікаў.

Паважанная Ала Сцяпанаўна, выказваем шчырую падзяку вам і ўсім медыцынскім сёстрам устаноў аховы здароўя.

Дзякуй вам за адданасць справе, спачуванне і залатыя рукі!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о