Вясна – гарачы час не толькі для аграрыяў, але і для работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У іх таксама стартуюць веснавыя пасяўныя работы. Каб у летні перыяд вуліцы населеных пунктаў радавалі нас яркімі кветкамі і зелянінай, пра гэта патрэбна паклапаціцца ўвесну. “Зялёнае будаўніцтва” вядзецца не толькі ў раённым цэнтры. У гэтым сезоне значныя пераўтварэнні чакаюць і гарадскі пасёлак Капаткевічы.
Праца ўжо пачалася.

Мы звярнуліся да Аляксандра Коржыка, майстра Капаткевіцкага ўчастка ДП “Петрыкаўскі райжылкамгас”:
– Першыя работы былі праведзены падчас красавіцкіх суботнікаў. Так, у парку гарадскога пасёлка высаджана 450 штук востралістных клёнаў. Работа вялася ў два этапа. Саджанцы набыты за кошт райжылкамгаса.
Трэба сказаць, што за апошнія два гады ў парку значныя змены: выдалены хмызняковая расліннасць, і дрэвы, пашкоджаныя ветрам, заражаныя амялой. У рамках добраўпарадкавання населенага пункта тут з’явіліся асфальтавыя дарожкі, лаўкі, сметніцы. Парк набывае выгляд сапраўднага месца для ціхага адпачынку.
Работа па зялёным будаўніцтве ідзе ў цесным супрацоўніцтве з Капаткевіцкім сельскім саветам, які з’яўляецца ініцыятарам многіх пачынанняў, у тым ліку і па азеляненні.
Але не толькі мясцовы парк у цэнтры ўвагі Капаткевіцкага ўчастка райжылкамгаса і мясцовых уладаў. Высаджаны 50 дэкаратыўных кустоў дзёрана белага ў цэнтральным скверы пасёлка. Менавіта тут знаходзіцца малая архітэктурная форма “Я люблю Капаткевічы”, якая ўжо паспела палюбіцца мясцовым жыхарам і гасцям пасёлка і стала своеасаблівым месцам прыцягнення для фотасесій. Тут работнікамі райжылкамгаса створана клумба. Кветкі высаджваліся насеннем, але хутка яны парадуюць нас сваёй прыгажосцю.
У планах супрацоўнікаў Капаткевіцкага ўчастка райжылкамгаса яшчэ дзве вялікія клумбы: у цэнтры парка і каля ўваходу на стадыён. У перспектыве высадка ружаў каля амфітэатра.
Дэкаратыўныя кусты з’явяцца уздоўж вуліц Ленінскай, Школьнай, Інтэрнацыянальнай. Гэтыя вуліцы расквеціць дзёран белы, барбарыс, лох серабрысты, спірэя.
Свае планы па добра-ўпарадкаванні ў мясцовай улады. У гэтым годзе на тэрыторыі парка будзе праведзена ўстаноўка стэндаў і памятнага знака ў рамках грамадзянскай ініцыятывы “Партызанская быль”. На тэрыторыі мікрараёна СМУ паміж вуліцамі Ленінская і Партызанская за крамай “Евроопт” у чэрвені пачнецца стварэнне гульнёвага гарадка “Цёплыя далонькі” – яшчэ адна грамадзянская ініцыятыва жыхароў і органаў самакіравання.
Надзея СІГАЙ.







Оставить комментарий