Петрыкаўскі лясгас у рамках патрыятычнай акцыі “Разам будуем будучыню Беларусі” прыняў у сваіх сценах навучэнцаў другой гарадской школы. Гэтая ініцыятыва – яскравы прыклад таго, як важна прывіваць любоў да роднай зямлі, паказваць значэнне працы кожнага чалавека дзеля агульнай будучыні.
Галоўная задача прадпрыемства – захаванне, прымнажэнне і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў. Асноўныя напрамкі дзейнасці лясгаса –лесагаспадарчая і прамысловая. Плошча, занятая лесам, складае каля 131,251 тысяч гектараў. Арганізацыя складаецца з 14 лясніцтваў, лесапункта і дрэваапрацоўчага цэха.
Так, рабяты на свае вочы ўбачылі тое, што звычайна застаецца за кадрам, але з’яўляецца неад’емнай часткай работы па захаванні і прымнажэнні лясных багаццяў краіны.
Пажарна-хімічная станцыя: На варце “зялёнага золата”
Першым пунктам на маршруце экскурсіі стала пажарна-хімічная станцыя Петрыкаўскага доследна-вытворчага лясніцтва. Тут юнакі і дзяўчаты змаглі ўбачыць сапраўдную спецтэхніку і абсталяванне, якія штодня стаяць на варце нашага «зялёнага золата». Начальнік ПХС-2 Віктар Дамасевіч, наглядна прадэманстраваў, наколькі важная кожная хвіліна і зладжаная праца каманды пры выратаванні бясцэнных лясных масіваў ад вогненнай стыхіі. Спецыялісты распавялі пра важнасць захавання лясных рэсурсаў, меры па абароне іх ад пажараў і шкоднікаў, па вырошчванні і пасадцы маладых дрэў.
Ад сыравіны да гатовага вырабу
Наступная кропка маршруту – цэх дрэваапрацоўкі. Начальнік цэха Уладзімір Бобрык, пазнаёміў юных наведвальнікаў з тонкасцямі апрацоўкі драўніны, паказаў гатовую прадукцыю, якая адпраўляецца на экспарт. Кожны этап быў прадстаўлены так, каб дзеці змаглі зразумець увесь працэс і ацаніць працу работнікаў.
Экскурсія па тэрыторыі прадпрыемства дазволіла ўдзельнікам убачыць сучаснае абсталяванне, даведацца пра тэхналогіі лесанарыхтовак і лесааднаўлення, а таксама значэнне лесу для экалогіі і эканомікі раёна.
Магчыма, хтосьці з навучэнцаў адчуў пакліканне і вырашыў звязаць сваю будучыню з высакароднай справай лясной гаспадаркі.
Разам, мы будуем нашу Беларусь – ад стараннай працы работнікаў – да юных патрыётаў.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.







Оставить комментарий