25 верасня ў Капцэвіцкім сацыяльным пансіянаце “Палескія сосны” прайшоў дабрачынны канцэрт.

Установа стала пляцоўкай для правядзення кранальнага дабрачыннага канцэрта пад назвай «Верыць у сябе», які адбыўся ў межах рэспубліканскай акцыі школы зорак «Aura».
Маштабны марафон «Верыць у сябе» нарадзіўся з высакароднай ідэі падтрымліваць адораных дзяцей, у тым ліку і тых, хто мае асаблівасці развіцця. Атрымаўшы прэстыжную ўзнагароду на «Песні года», аўтары праекта вырашылі накіраваць сваю стваральную энергію на дабрачыннасць. Разам са сваімі выхаванцамі яны запісалі натхняльны аднайменны сінгл, які стаў гімнам дабрыні і веры ў лепшае.
Галоўная мэта мерапрыемства – падарыць свята тым, хто асабліва мае патрэбу ў падтрымцы, увазе і цяпле, а таксама нагадаць кожнаму гледачу, што вера ў сябе – гэта першы крок да вялікіх перамог.
Праграма вечара была напоў-нена жывым гукам, глыбокімі эмоцыямі і магутнай энергетыкай. Артысты падрыхтавалі для жыхароў пансіяната яркае і разнастайнае выступленне. Са сцэны гучалі вядомыя хіты гурта «AURA», якія спалучаюць у сабе лірыку і грамадзянскія матывы, а таксама кранальныя сольныя нумары ад таленавітых выхаванцаў школы.
Любімыя песні нікога не пакінулі абыякавым: энергетыка артыстаў зараджала прысутных пазітывам, а шчырыя ўсмешкі і воплескі сталі лепшай узнагародай для арганізатараў. Таксама падчас канцэртнай праграмы самым актыўным удзельнікам вечара былі ўручаны памятныя сувеніры – мяккія падушкі ў выглядзе зорачкі з надпісам «Верыць у сябе». Для многіх такі падарунак стаў не проста памяццю пра цудоўны вечар, а сімвалам падтрымкі,увагі і клопату.
Фінальным акордам стала сумеснае выкананне гімна акцыі, які артысты спявалі ў адзін голас, ствараючы адчуванне адзінай вялікай сям’і.
Мастацтва валодае неверагоднай сілай аб’ядноўваць людзей. Дабрачынны канцэрт стаў не проста музычным падарункам, а сапраўдным актам міласэрнасці, які пакінуў цёплы след у душах усіх удзельнікаў і гледачоў, яшчэ раз даказаўшы: калі мы разам, любыя перашкоды становяцца пераадольнымі.

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о