Праца на дабрабыт краіны

0
395

Праца на дабрабыт краіныПрыйшла вясна, на ўзбочыне дарог з’явіліся жоўтыя вочкі дзьмухаўцоў. Адны ўсміхнуцца, гледзячы на іх сціплую прыгажосць, другія сплятуць першы вясновы вянок, іншыя падумаюць, што з іх атрымаецца цудоўнае варэнне. Але ніхто, бадай, у наш час не звяжа іх з гумавай прамысловасцю.

А ці ведаеце вы, што ў 30-пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя на тарфяных палетках Палесся квітнелі цэлыя жоўтыя палі дзьмухаўцоў, праўда, не зусім такіх?

Кок-сагыз – шматгадовая травяністая расліна роду Дзьмухавец сямейства Астравыя, у натуральных умовах расце на камяністых глебах Сярэдняй Азіі: на тэрыторыі Казахстана, Кыргызстанаа і Узбекістана. Каўчуканос, які быў запатрабаваны ў сярэдзіне ХХ стагоддзя для гумавай прамысловасці.

Менавіта на гэтую культуру зрабіў стаўку старшыня праўлення сельгасарцелі “Бальшавік” Петрыкаўскага раёна Міхаіл Рай. Пад экзатычную культуру, якую называлі «царом палёў», былі выдзелены абшырныя тарфяныя палі агульнай плошчай 15 гектараў.
Для вырошчвання кок-сагызу былі патрэбны працавітыя і руплівыя рукі. Адной з каўчукаводаў стала і Ганна Буднік.
Дзяўчына нарадзілася ў 1922 годзе ў вёсцы Курыцічы. Пасля вайны жыла ў роднай вёсцы і працавала паляводам, была працалюбівая і адказная.

Да справы землякі падышлі з усёй сур’ёзнасцю: вечарамі збіраліся і па падручніках вывучылі ўвесь агратэхнічны працэс – ад пасадкі да збору карэння.

Увесну прыступілі да пасеву. Расліну садзілі ўручную. Затым ішоў працэс праполкі: міжраддзя апрацоўвалі з дапамогай садова-агароднага трактара, але асноўная праца праводзілася рукамі дзяўчат і жанчын. Праполка ажыццяўлялася некалькі разоў за лета, да верасня. Пасля адцвітання “кыргызскага дзьмухаўца” патрэбна было хутка сабраць насенне, каб яго не раскідала ветрам. Затым высушыць і захаваць.

Да ведама

Ганаровае званне Героя Сацыялістычнай працы атрымалі таксама яшчэ дзве ўраджэнкі нашага раёна.

Надзея Паўлаўна Якубовіч, нарадзілася ў 1929 годзе ў мястэчку Капаткевічы. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны была накіравана па камсамольскай пуцёўцы на будаўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода. Пасля працавала рабочай цэху коўкага чыгуна на гэтым жа заводзе.
У 1960 годзе Надзеі Паўлаўна за высокія паказчыкі працы было прысвоена ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы

Валянціна Паўлаўна Булава, нарадзілася ў 1941 годзе ў пасёлку Капцэвічы. Прадзільшчыца Баранавіцкага баваўняная камбіната, ініцыятар шматлікіх працоўных пачынаў. У канцы 1970-х гадоў яна была прызнана лепшай прадзільшчыцай СССР, перамогшай ва Ўсесаюзным сацыялістычным спаборніцтве і стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Узнагароджана Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а ў 1984 годзе атрымала званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Самым працаёмкім быў збор расліны. Яе выкопвалі ўручную рыдлёўкамі, каб не пашкодзіць і не згубіць каштоўнае каўчуказмешчальнае малачко, якое ўтрымлівалася ў доўгім і тонкім карэнні. Днём капалі, пад вечар зносілі ў памяшканне для прасушкі. Збор ураджаю быў доўгім, бо культура займала значныя плошчы, і працягваўся да самых маразоў.

У 1951 годзе Ганна Іванаўна ўзначаліла звяно па вырошчванні кок-сагызу. Ужо ў першы год пад яе мачалам звяно дабілася самых высокіх паказчыкаў: было сабрана 67,8 тоны каранёў з гектара. За выдатныя паказчыкі ў працы Ганне Буднік у 1952 годзе было прысвоена ганаровае званне – Герой Сацыялістычнай Працы і ўручаны Ордэн Леніна і залатая медаль “Серп і Молат”.

Кок-сагыз – гэта гума для прамысловасці. І хоць па сваёй каўчуканоснай якасці яна саступала гевеі, але яе наяўнасць дазволіла развіваць прамысловасць гумы, а гэта “абутак” для машын і для людзей. Карпатлівая праца такіх жанчын, як Ганна Буднік, стала значным унёскам у развіццё раёна і краіны ў цэлым.

У другой палове 50-х гадоў была вынайдзена сінтэтычныя гума і неабходнасць у кок-сагызе адпала.
Ганна Іванаўнка Буднік (Міцура) працягвала працаваць у родным калгасе “Бальшавік” паляводам да 1977 года, а затым была персанальнай пенсіянеркай.

Імя Ганны Іванаўны ўпісана ў гісторыю не толькі нашай краіны, а і былога СССР, як прыклад самаадданай працы на карысць росквіту роднага краю.

Надзея СІГАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о