Візіт карэспадэнта “ПН” на вытворчы участак “Петрыкаў” філіяла № 13 ААТ “Гомельаблааўтатранс” быў абумоўлены асаблівай нагодай – сорак гадоў працоўнага стажу на прадпрыемстве адзначыла дыспетчар Людміла Некрашэвіч.

У жыцці кожнага чалавека ёсць месцы, якія становяцца не проста працоўнымі буднямі, а сапраўдным другім домам. Для Людмілы Аркадзьеўны такім месцам стала аўтабаза горада Петрыкава.

– Сама я родам з Калінкавіцкага раёна. Пасля заканчэння роднай Беразнянскай школы вырашыла паступаць у сельскагаспадарчы тэхнкум. Неяк у размове з суседам падзялілася такімі планамі. Той, калі даведаўся што сярэдні бал майго атэстата 4,8 (па пяцібальнай сістэме – заўвага аўтара), параіў паспрабаваць свае сілы ў Бабруйскім аўтатранспартным тэхнікуме. Я ўсё ўзважыла і падала ў дадзеную ўстанову дакументы. Пасля атрымання спецыяльнасці “Тэхнік-эксплуатацыйнік” у 1986 годзе была накіравана ў Петрыкаўскую аўтабазу на першае месца працы, – пачынае свой расказ Людміла Аркадзьеўна.

Гераіня ўспамінае, што ў тыя часы мясцовая аўтабаза была магутным механізмам: каля ста адзінак грузавога транспарту і столькі ж аўтобусаў, а калектыў налічваў каля трохсот чалавек. З першых дзён малады спецыяліст адчула адказнасць і важнасць сваёй працы.
Пачынала з апяратара дыспетчарскага руху, выконвала пасады інжынера аддзела перавозак, дыспетчара. Усе яны патрабавалі новых ведаў і навыкаў. Але галоўнае, што іх аб’ядноўвала – гэта адпраўленне тэхнікі ў дарогу своечасова і па ўсіх правілах.

– У працы дыспетчара кожная хвіліна на рахунку, бо на табе ляжыць адказнасць за своечасовае выкананне рэйсаў. Кожны званок, кожнае паведамленне, змены ў раскладзе – усё гэта патрабуе адпаведнай рэакцыі і дакладнага рашэння, – дзеліцца суразмоўца. – Бывае, даводзіцца застацца і ў пазаўрочны час, ездзіць у рэйсы, для вывучэння пасажырапатоку. Каб эфектыўна планаваць, неабходна бачыць усё знутры, разумець патрэбы пасажыраў, ацэньваць рэальную загрузку маршрутаў.
За сарок гадоў Людміла Аркадзьеўна стала неад’емнай часткай калектыву, сведкай і ўдзельніцай шматлікіх змяненняў. За гэты час дыспетчар стала сапраўдным сэрцам прадпрыемства.

Жанчына прызнаецца: для яе аўтабаза – гэта не проста месца працы. Гэта прастора, дзе яна правяла значную частку свайго жыцця, дзе адбываліся важныя падзеі. Тут, сярод шуму і руху, мая гераіня ў свой час сустрэла сваё жаночае шчасце – пазнаёмілася з будучым мужам, слесарам па рамонце аўтамабіляў, знайшла сяброў і аднадумцаў.

Год беларускай жанчыны. Там, дзе сходзяцца дарогі– Сёння наш філіял з’яўляецца важным звяном у транспартнай сістэме рэгіёна, Гомельшчыны і краіны, забяспечваючы зручнае і надзейнае перамяшчэнне для тысяч людзей. Аўтобусны парк здзяйсняе гарадскія, прыгарадныя і міжнародныя маршруты, – працягвае дыспетчар. – Але найважнейшае, што робіць наш філіял асаблівым – гэта людзі. Усе мае калегі адданыя справе. Ад кіраўніка, да вадзіцеля – кожны ўносіць свой уклад у агульны поспех прадпрыемства. Усе мы ставімся да сваіх абавязкаў з адказнасцю.

Сёння Людміла Некрашэвіч не толькі працягвае працаваць, але і актыўна перадае свой вопыт маладой калезе. Несумненна, яе веды і навыкі, набытыя за дзесяцігоддзі працы, маюць велізарнае значэнне для фарміравання новага пакалення дыспетчараў.

Жыццё маёй гераіні не абмя-жоўваецца толькі працоўнымі абавязкамі. Яна – шчаслівая маці двух сыноў, якія ўжо стварылі сем’і і засталіся жыць на Петрыкаўшчыне. Гэта, безумоўна, вялікая радасць для жанчыны, бо кожныя выхадныя яна з нецярпеннем чакае ў госці сваіх трох унукаў. Такія сустрэчы, напоўненыя любоўю і клопатам, з’яўляюцца сапраўдным шчасцем для яе.

Паважаная Людміла Аркадзь-еўна! Жадаем вам моцнага здароўя, дабрабыту і далейшых поспехаў у прафесійнай дзейнасці! Дзякуем за ваш прафесіяналізм і за тое, што вы з’яўляецеся прыкладам працалюбства і адданасці выбранай прафесіі.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о