Год жанчыны, абвешчаны сёлета ў Беларусі, стаў добрай нагодай, каб больш глыбока і ўважліва зірнуць на прыгожую палову чалавецтва, падкрэсліць усю шматграннасць жаночай натуры.
Часта мы бачым, як жанчыны становяцца сапраўднымі маякамі для сваіх родных. Іх прыклад у прафесіі, адданасць справе, здольнасць дасягаць вышынь і пераадольваць цяжкасці, нярэдка з’яўляюцца вырашальным фактарам пры выбары прафесійнага шляху для іх дзяцей.
Рэдакцыя газеты “Петрыкаўскія навіны” сумесна з раённай арганізацыяй “Беларускі саюз жанчын” запускаюць праект “Прафесійнае люстэрка”, героямі якога стануць прадстаўніцы сямейных дынастый.
Дамовіцца на інтэрв’ю з Таццянай Кірдзеевай аказалася не так проста. Нягледзячы на тое, што ўсё сваё прафесійнае жыццё яна была “на віду”, аказалася, што гэты чалавек не любіць павышанай увагі да сябе. Але, выхаваная ў духу адказнасці, яна згадзілася прыадчыніць заслону свайго жыцця.
– Я нарадзілася ў Чырвонаградзе былой Украінскай ССР. Гэта быў час, калі перспектыўны шахцёрскі горад пульсаваў жыццём і прыцягваў моладзь з усіх куткоў Савецкага Саюза. Мае бацькі туды пераехалі з Кемераўскай вобласці, мужа – з Арлоўскай, – пачынае гутарку Таццяна Мікалаеўна. – Я вырасла ў шчаслівай сям’і. Мы з братам ніколі не адчувалі недахопу ўвагі з боку бацькоў. Былі з ім адным цэлым. Гэтая сувязь не знікла і сёння: мы з’яўляемся важнымі людзьмі ў жыцці адзін аднаго.
Пасля заканчэння школы перад маёй гераіняй паўстала пытанне далейшага шляху. Выбар паў на педагагічны інстытут, спецыяльнасць “Матэматыка і фізіка”. Чаму менавіта педагагічны? З яе слоў, рашэнне не было выпадковым. Са школьных гадоў яе прыцягвала прафесія настаўніка, упэўненасці дадала цётка, якая ўжо працавала ў сферы адукацыі.
Суразмоўца ўспамінае, што заўсёды была актывісткай. Лічыць, што гэта перадалося ёй ад бацькі. Нягледзячы на тое, што ён быў шахцёрам, чалавекам фізічнай працы, заўсёды быў лідарам у грамадскіх справах: паспяваў шмат дзе, валодаў майстэрствам слова, умеў пераканаць і натхніць.
– Жыццё іграла фарбамі. Дома – шчаслівая сям’я, я з цікавасцю спасцігала асновы будучай прафесіі. Уступаючы ў дарослае жыццё, я атрымала ад лёсу сапраўдны падарунак – любячага і надзейнага сябра па жыцці. Калі ажаніліся з Сяргеем, ён працаваў на заводзе, які быў філіялам Маскоўскага прадпрыемства. Аналагічны завод “Авангард” існаваў і на Палессі. Мужу прапанавалі перавод у Петрыкаў, дзе ў яго былі родныя. Прапанавалі і жыллё, што для нас было немалаважным. І сорак гадоў таму, калі нашым дочкам-блізнятам было па паўтара гады мы пераехалі з Украіны ў Беларусь.Гэта быў час вялікіх змен для мяне і новых выклікаў. У тыя часы ў дэкрэтным адпачынку не сядзелі да трох гадоў. Неабходна было выходзіць на працу, – успамінае суразмоўца.
Менавіта тады праявілася асоба Таццяны Мікалаеўны – моцная, адказная, здольная сумяшчаць клопат пра дзяцей з прафесійнымі абавязкамі. Нягледзячы на складанасці пераезду і неабходнасць хутка адаптавацца да новых умоў, жанчына змагла знайсці сваё месца на Петрыкаўшчыне і рэалізавацца.
Пачынала прафесійную дзейнасць у вячэрняй школе пры першай гарадской школе. У свой час займала пасаду загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета, мела практыку выкладання прадмета “Матэматыка”. На працягу 14-ці гадоў з’яўлялася кіраўніком ДУА “Сярэдняя школа № 1 горада Петрыкава”.
– Гэта быў перыяд, напоўнены адказнасцю, прыняццем важных рашэнняў, клопатам пра вучняў і калектыў. І сёння з цеплынёй успамінаю тыя часы, работнікаў першай гарадской, сваіх намеснікаў: Ірыну Моліну, Маргарыту Жэрабцову, Наталлю Стральчэню, Галіну Казак – людзей-прафесіяналаў, адданых справе, здольных якасна вырашаць пастаўленныя задачы, – дзеліцца былы педагог.
– Амаль чатыры дзесяцігоддзі я аддала галіне адукацыі. Гэта цэлае жыццё, пражытае ў сценах школы, побач з дзецьмі, калегамі, бацькамі. Гэта тысячы ўрокаў, сотні выпускнікоў. Гэта быў мой другі дом, мая сям’я.
Калі прыйшоў час, дзеці Таццяны Кірдзеевай Маргарыта і Вікторыя пайшлі ў першую гарадскую школу. Але гераіня прызнаецца – з-за занятасці бацькоў дочкі з дзяцінства былі прывучаны да самастойнасці. Напэўна, гэта ў тым ліку дазволіла ім у далейшым стаць адказнымі і мэтанакіраванымі асобамі.
– Урокі рабілі самі, адна ў адной “дамашку” правяралі, – узгадвае Таццяна Мікалаеўна. – У вольны час дзяўчынкі часта гулялі з суседскімі дзецьмі “ў школу”. На двары ў нас стаяла дошка, дзе малыя “вучыліся”, дэманструючы сваю першую “педагагічную” практыку.
Таццяна Мікалаеўна прызнаецца, ужо тады адчуваўся ў дачок інтарэс да прафесіі настаўніка. Пасля дзевяці класаў Рыта і Віка паступілі ў Лоеўскае вучылішча на спецыяльнасць “Пачатковыя класы”. Пазней працягнулі вучобу ва ўніверсітэце імя Максіма Танка.
Маргарыта Сяргееўна і Вікторыя Сяргееўна – даўно адбыліся як педагогі, адна – у Петрыкаўскай, другая – у Мазырскай школах. І хоць кожная з іх мае свае ўласныя прынцыпы і методыкі выхавання, іх аб’ядноўвае адно – бязмежная любоў да прафесіі, якая стала сэнсам іх прафесійнага жыцця.

Тое, што Таццяна Мікалаеўна асабістым прыкладам натхніла сваіх “дзяўчынак” на выбар прафесіі – гаворыць адна з яе дачок, настаўнік пачатковых класаў ДУА ”Сярэдняя школа № 1 г. Петрыкава”.
– Выбар прафесіі педагога для нас с сястрою быў невыпадковым. Значна паўплываў той факт, што наша матуля усё жыццё аддала школе, – дзеліцца Маргарыта Сяргееўна. – Наш “галоўны” па жыцці настаўнік заўсёды давала нам з сястой парады, але ніколі не навязвала сваё меркаванне. Калі мы самі ўзялі ў рукі класныя журналы, яна не імкнулася быць для нас ментарам, а хутчэй накіроўвала, падказвала, дзялілася вопытам, дазваляючы нам знайсці свой уласны шлях, свае ўласныя метады.
Але педагог прызнаецца, што прафесійныя парады ад матулі сталі для сясцёр важнымі, бо бачылі, як маці з любоўю і адданасцю ставілася да сваёй працы, як умела знайсці падыход да кожнага дзіцяці. Яе вопыт служыць для маладых педагогаў стымулам і натхненнем.
Размаўляючы з Маргарытай Сяргееўнай, адчувала, наколькі яна душэўна звязана з матуляй. Успомнілася, калі Таццяна Мікалаеўна, дзялілася сваімі ўспамінамі, адзначала, што яна была са сваёй маці сапраўднымі роднымі душамі. Калі Таццяна Мікалаеўна пераехала ў Беларусь, цёплыя лісты падтрымкі ад яе маці з Украіны прыходзілі доўгія гады, напаўняючы яе жыццё сілай і ўпэўненасцю. Здаецца, што ў жаночым родзе Кірдзеевых існуе нейкая асаблівая, простая і моцная душэўная сувязь.
– Адчуваю глыбокае задавальненне ад сваёй працы, таму, што працягваю справу сваёй маці, – займаюся выхаваннем падрастаючага пакалення, – адзначае Маргарыта Сяргееўна. – Я адчуваю адказнасць, бо я з дынастыі педагогаў. І ў гэтым, безумоўна, ёсць нешта асаблівае і вельмі важнае для нашай сям’і.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.







Оставить комментарий