“Петрыкаў” пачынае фінал з перамогі

0
406

Адбыліся першыя матчы фінальнай часткі Чэмпіяната па футболе другой лігі, дзе наша каманда сустрэлася з супернікамі з Ельска на іх полі.

Хочацца адзначыць, што сектар спорту Петрыкаўскага райвыканкама паклапаціўся не толькі пра дастаўку каманды да месца спаборніцтва, але і пра балельшчыкаў, якім таксама быў арганізаваны камфартабельны падвоз.

Старт нашай каманды удаўся на славу! Ужо на 5-й хвіліне капітан каманды Уладзімір Харланаў б’е па варотах суперніка, але мяч ляціць міма. Між тым, на 10-й хвіліне ён выпраўляе няўдачу і адкрывае лік матча. На 11-й хвіліне Міхаіл Мамантаў падвойвае лік, а яшчэ праз хвіліну ён яго патройвае! Тры хвіліны – тры галы! Такому напору могуць пазайздросціць і прадстаўнікі вышэйшай лігі. Па сутнасці, менавіта такі рэзкі і ўдалы старт і прадвызначыў далейшую гульню каманды “Петрыкаў”. Але расслабляцца было нельга, гэта нашы спартсмены разумелі і тэмпу не збаўлялі. Перад перапынкам у вароты суперніка быў прызначаны штрафны, які ідэальна выканаў Уладзімір Харланаў. Мяч пасля яго ўдара зняў “павуціну” з “дзявяткі” варот суперніка, лік стаў 4:0.

У балельшчыкаў нашай каманды склалася ўражанне аб канчатковым поспеху нашых футбалістаў, але наперадзе яшчэ быў тайм, цэлых 45 хвілін.

Падчас другога тайма гаспадары поля тройчы паспяхова атакавалі нашы вароты, а з нашай каманды толькі ў Максіма Дзятлоўскага атрымалася забіць яшчэ адзін гол. Такім чынам, сустрэча з камандай Ельска закончылася з лікам 5:3 на нашу карысць.

Старт атрымаўся паспяховым, наступны матч на нашым полі з камандай Лоева адбудзецца 8-9 жніўня (сачыце за афішай).
Прыходзьце падтрымаць нашу каманду.

Аляксей КАЮКАЛА,
фота з інтэрнэт-крыніц.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о