28 ліпеня працоўны дзень аграрыяў БК-АГРА ААТ «Чалюшчавічы» пачаўся з прыемных сюрпрызаў: на мехдвары гаспадаркі прайшло ўрачыстае ўшанаванне перадавікоў уборачнай кампаніі.
Для хлебаробаў жніво – гэта не руціна, а галоўны экзамен усяго года. Ды і сучасная тэхніка палягчае працу. Адказнасць за будучы каравай ляжыць на ўсіх удзельніках уборачнай кампаніі, таму яны і аддаюць працы ўсе сілы. А самы значны ўклад робяць нашы тысячнікі. Тым, каму скараецца гэты рубеж, – асаблівая пашана.
Павіншавалі хлебаробаў з уручэннем грашовай прэміі дырэктар прадпрыемства Сяргей Ракіцкі, старшыня прафсаюза работнікаў АПК Алена Галеня, адзначыўшы: калі ў калектыве ёсць вось такія работнікі – умелыя, неабыякавыя да справы, то ў гаспадаркі ёсць будучыня. Цёплыя словы і заслужаныя ўзнагароды знайшлі сваіх герояў. Сярод іх – старшы камбайнер Уладзімір Акульчык, які ўжо 12-ы раз удзельнічае ва ўборачнай кампаніі. Яго вынік працы гаворыць сам за сябе, а лічбы намалоту ў 1000,09 тон збожжа – лепшае пацвярджэнне вопыту і майстэрства.
Далучыўся да кагорты тысячнікаў і вадзіцель на адвозцы зерневых культур Андрэй Несцярчук. Дарэчы, Андрэй Іванавіч адзначае, што праца хлебароба патрабуе вытрымкі і сілы характару. Ужо трэці год запар шматдзетны бацька даказвае: усе ўзнагароды заслужаныя, а сёлетні рубеж стаў яшчэ адным пацвярджэннем яго прафесіяналізму.
Асаблівыя словы пашаны гучалі ў адрас Сяргея Мацэгуды, вадзіцеля на адвозцы зерневых і зернебабовых культур, які не проста дасягнуў, а перасягнуў знакавы рубеж у 2000 тон. Хлебароб шчыра дзеліцца планамі на будучыню: абавязкова ўзяць рубеж у 3000 тон. Мяркую, па настроі і рашучасці героя, гэта зусім рэальная задача! Варта адзначыць, што ў сезон жніва ў гаспадарках холдынгу “Беларуськалій-Агра” побач з прафесійнымі аграрыямі працуюць і прадстаўнікі іншых спецыяльнасцей – калійшчыкі.
У ліку такіх працаўнікоў – Руслан Качэля, машыніст бульдозера Петрыкаўскага рудаўпраўлення. Гэта не першы год, калі Руслан Сяргеевіч прыходзіць на дапамогу хлебаробам гаспадаркі. Прыемна адзначыць, што яго працавітасць і адказнасць, якія ён штодня праяўляе і ў шахце, і на полі, прынеслі годны вынік.
Сёння галіна АПК – гэта высокія тэхналогіі і дастойная заработная плата. Вёска чакае не выпадковых людзей, а тых, хто гатовы ўкладваць душу ў зямлю.
Тым часам, уборачная кампанія на Петрыкаўшчыне працягваецца. Наперадзе ў аграрыяў яшчэ шмат працы, але прыклад такіх прафесіяналаў, як героі артыкула, натхняе калег на новыя працоўныя перамогі. Пажадаем нашым хлебаробам спрыяльнага надвор’я і высокіх намалотаў!
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.







Оставить комментарий