Петрыкаўскі раён – унікальны край з багатай гісторыяй, самабытнай культурай і нядрэнным прамысловым і аграрным патэнцыялам. Крыху больш за месяц таму раён узначаліў Яўгеній Сяргеевіч Шкробат. Мы пагутарылі з новым кіраўніком пра першыя ўражанні ад раёна, стратэгічныя планы ў сельскай гаспадарцы і надыходзячае галоўнае культурнае свята Петрыкаўшчыны.

Першыя ўражанні, моцныя і слабыя бакі раёна

– Яўгеній Сяргеевіч, вы ўзначалілі Петрыкаўскі раён адносна нядаўна. Любы новы кіраўнік пачынае з аналізу. Якія моцныя і слабыя бакі рэгіёна вы ўжо паспелі заўважыць, як кажуць, свежым вокам?
– Сапраўды, першае, што я зрабіў – дэталёва азнаёміўся са структурай раёна, наведаў прадпрыемствы, пагутарыў з людзьмі і зразумеў, што галоўны скарб і патэнцыял Петрыкаўшчыны крыецца ў працавітых людзях і, безумоўна, магутным прамысловым гіганце – Петрыкаўскім калійным камбінаце. Усё гэта дае раёну фінансавую стабільнасць, працоўныя месцы і стымул для развіцця інфраструктуры. Таксама нельга забываць пра багаты прыродны і турыстычны патэнцыял – Прыпяцкае Палессе ведаюць далёка за межамі Беларусі.
Калі гаварыць адкрыта, ёсць пытанні, якія патрабуюць аператыўнага ўмяшання. Гэта ў першую чаргу эфектыўнасць выкарыстання зямель і прадукцыйнасць асобных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Некаторыя гаспадаркі патрабуюць сур’ёзнай мадэрнізацыі, аптымізацыі менеджменту і ўмацавання выканальніцкай дысцыпліны. Наша першачарговая задача – падцягнуць адстаючыя сферы да ўзроўню флагманаў.
– Калі акрэсліць коратка, у чым вы бачыце галоўныя перспектывы развіцця раёна на бліжэйшыя гады?
– Перспектыва – у комплексным падыходзе. Як мне бачыцца, мы павінны развіваць раён па трох асноўных кірунках: інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі праз буйныя холдынгі, пашырэнне сферы паслуг і інфраструктуры вакол прамысловага сектара і развіццё экатурызму і брэндынгу раёна. Петрыкаўшчына павінна стаць больш камфортным месцам для жыцця, дзе хочацца заставацца моладзі.

Сельская гаспадарка і далучэнне да холдынгу «БК-АГРА»

– Сельская гаспадарка значны час была галоўным кірункаў вашай прафесійнай дзейнасці, вы маеце вялікі досвед у гэтай сферы па папярэдніх месцах службы. Зараз у раёне адбываецца знакавая падзея: зусім хутка гаспадаркі «Навасёлкі» і «Курыцічы» ўвойдуць у холдынг БК-АГРА ААТ «Беларуськалій». Як вы ацэньваеце падобнае рашэнне і чаго чакаеце ад гэтага аб’яднання?
– Гэта абсалютна правільны стратэгічны крок, які прадыктаваны часам. Дзяржаўная палітыка накіравана на ўзбуйненне гаспадарак і стварэнне моцных аграрных структур. «Беларуськалій» і яго холдынг БК-АГРА валодаюць сур’ёзнымі фінансавымі і тэхнічнымі рэсурсамі. Што гэта дасць «Навасёлкам» і «Курыцічам»? Па-першае, гэта інвестыцыі ў мадэрнізацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы: абнаўленне парку тэхнікі, рэканструкцыю фермаў. Па-другое, гэта новыя стандарты кіравання, павышэнне якасці кармоў, рэалізацыя генетычнага патэнцыялу жывёл. Па-трэцяе, і гэта самае галоўнае для мясцовых жыхароў, – рост заработнай платы і сацыяльныя гарантыі для працаўнікоў. Мы ствараем адзіны моцны кулак, які дазволіць вывесці аграрны сектар гэтых тэрыторый на прыбытковую працу.

Міжнародны фестываль «Кліч Палесся»

– Не за гарамі знакавая для ўсяго Палескага рэгіёна па-дзея – 15 жніўня гасцінная Ляскавіцкая зямля прыме VII Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Чым сёлета будзе здзіўляць фестываль і як ідзе падрыхтоўка?
– На сённяшні дзень фестываль «Кліч Палесся» – гэта брэнд не толькі нашага раёна, але і ўсёй краіны. Ляскавічы гатовы сустрэць гасцей на самым высокім узроўні. Сёлета лейтматывам свята стане вельмі прыгожая і глыбокая тэма – «Жаночы голас Палесся: спадчына, якая жыве». Мы хочам паказаць Палессе праз прызму жаночага лёсу, захавання традыцый, песень і абрадаў.
Гасцей чакае вельмі насычаная праграма. Гэта і традыцыйныя аўтэнтычныя палескія падворкі, дзе кожны рэгіён прэзентуе свае асаблівасці. Конкурс прыгажосці «Палеская прыгажуня». Майстар-класы ад найлепшых рамеснікаў, выступленні самабытных музыкаў і вялікі канцэрт творчых калектываў Беларусі і Расіі. Інтэрактыўныя пляцоўкі на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі», яркі святочны феерверк над ракой і лазернае шоу на вадзе. Запрашаю ўсіх 15 жніўня ў Ляскавічы, каб адчуць сапраўдны палескі дух і гасціннасць!

Пра асабістае: каштоўнасці, вольнычас і жыццёвыя прынцыпы

– Яўгеній Сяргеевіч, пасада старшыні райвыканкама – гэта каласальная адказнасць і праца практычна 24/7. Як да вашага прызначэння і пераезду паставілася сям’я? Ці застаецца час на тое, каб пабыць з блізкімі?
– Сям’я – гэта мой надзейны тыл і галоўная падтрымка. Безумоўна, яны разумелі, што праца кіраўніка раёна патрабуе поўнай самааддачы, таму паставіліся з абсалютным разу-меннем і падтрымалі мяне. Часу на адпачынак і сям’ю зараз сапраўды вельмі мала, але кожную вольную хвіліну я стараюся прысвячаць ім. Не сакрэт, што калі ты адчуваеш спакой і цяпло дома, тады і на працы ўсё атрымліваецца.
– Петрыкаўскі раён славіцца сваёй прыродай, паляваннем і рыбалкай. Ці блізкія вам такія палескія захапленні, і ці паспелі вы ўжо адкрыць для сябе нейкае любімае месца на Петрыкаўшчыне?
– Прырода тут сапраўды выключная, яна заварожвае з першага позірку. Я цаню добры адпачынак на свежым паветры, калі выпадае такая магчымасць. Што тычыцца любімага месца – пакуль што маім асноўным маршрутам з’яўляюцца працоўныя паездкі па гаспадарках і населеных пунктах раёна (ўсміхаецца). Але кожны раз, калі праязджаю каля Прыпяці, зноў і зноў захапляюся яе краявідамі. Нават кароткая хвіліна на беразе ракі дапамагае перазагрузіць думкі.
– Які галоўны прынцып або жыццёвае крэда дапамагае вам прымаць складаныя рашэнні на працы і ў жыцці?
– Мой прынцып просты: быць сумленным з людзьмі і трымаць сваё слова. Калі нешта абяцаеш – зрабі, калі не можаш зрабіць па аб’ектыўных прычынах – выйдзі і адкрыта патлумач чаму. Кіраўнік павінен не проста аддаваць загады, а чуць кожнага чалавека, ад простага працаўніка фермы да кіраўніка прадпрыемства. Толькі праз павагу і сумесную працу можна дасягнуць поспеху.
– Дзякуй, Яўгеній Сяргеевіч, за адкрытую і канструктыўную размову. Поспехаў вам на новай пасадзе і плённай працы на карысць Петрыкаўшчыны!

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о