Калектыў малочна-таварнай фермы “Церабаў” СУП “Палессе-Аграінвест” папоўніўся кваліфікаваным заатэхнікам, маладым спецыялістам Аксанай Герасіменка.
Выпускніца Калінкавіцкага аграрнага каледжа каля трох месяцаў працуе на першым сваім працоўным месцы. Уражанняў і эмоцый шмат: спачатку было лёгкае хваляванне, а цяпер – планы на будучыню.
Гераіня артыкула родам з аграгарадка Пціч. Па словах дзяўчыны, выбар прафесіі быў вызначаны з самага дзяцінства:
– Я вельмі люблю жывёл. У нашай шматдзетнай сям’і я – самая старэйшая. З малых гадоў дапамагала даглядаць хатнюю гаспадарку, таму сумненняў, куды паступаць, не было.
МТФ “Церабаў” – гаспадарка вялікая. Агульнае пагалоўе складае 1530 жывёл, з іх 643 дойныя каровы, пад наглядам 367 цялят і 520 быкоў на адкорме.
У штодзённыя абавязкі маладога заатэхніка ўваходзіць кантроль дойкі і раздачы кармоў, якасці і тлустасці малака, складанне графікаў расцёлаў, улік пагалоўя. Адным словам – сачыць за фізіялагічным станам жывёл, каб каровы былі сытыя і здаровыя.
Гэты спектр абавязкаў дастаткова схематычны, але кожны дзень узнікаюць новыя вытворчыя сітуацыі, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння. Але Аксану, у яе поўныя дзевятнаццаць гадоў, не палохаюць цяжкасці.
Нягледзячы на дыплом, дзяўчына прызнаецца: без вопытных настаўнікаў на такой справе нікуды.
– Сапраўдным настаўнікам для мяне стала брыгадзір-асеменатар Таццяна Паўлючок. Яна навучае мяне на практыцы, падказвае тонкасці. Калі чагосьці не ведаю – заўсёды магу параіцца. Гэта каштоўна, калі побач ёсць такі чалавек. Як гаворыцца: першае працоўнае месца задае настрой усёй прафесійнай дзейнасці, – дзеліцца малады спецыяліст.
Аксана прызнаецца: за тры месяцы палюбіла і сваіх падапечных, і працу. Планы на бліжэйшы час – дасканала авалодаць усімі працэсамі на ферме, каб у будучыні ўносіць уласныя прапановы па павышэнні прадуктыўнасці.
– Галоўнае – не баяцца. Калі ёсць жаданне працаваць на зямлі – то ўсё атрымаецца, – упэўнена заатэхнік.
Выснову можна зрабіць адназначную: на Петрыкаўшчыну прыходзіць моладзь, якая шчыра і добрасумленна працуе. Менавіта такія маладыя і мэтанакіраваныя людзі, як Аксана, на сваім досведзе даказваюць, што новыя кадры ў сельскай гаспадарцы запатрабаваная і перспектыўная.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.







Оставить комментарий