Петрыкаўская інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае жыхароў Петрыкаўскага раёна не дапускаць сельскагаспадарчых палаў і выпальвання сухой расліннасці.
Статыстыка паказвае, што абсалютная большасць пажараў з-за падпальвання сухой травы адбываецца па віне людзей і толькі 5-10% узгаранняў у экасістэмах узнікаюць з-за метэаралагічных умоў.
Кожны акт падпалу – гэта злачынства супраць далікатнага свету прыроды.
Прапануем згадаць пра ўяўную карысць ад такіх падпалаў і супаставіць яе з прычыненай шкодай.
Асноўны довад прыхільнікаў выпальвання леташняй травы заключаецца ў тым, што яно ўзбагачае зямлю попелам, у выніку чаго на такіх участках трава з’яўляецца хутчэй і расце лепш.
Спецыялісты запэўніваюць, што попел, які застаўся пасля спальвання травы, ніяк не ўплывае на паляпшэнне якасці глебы, бо губляюцца азотныя злучэнні, якія вызваляюцца ў атмасферу. Мінеральныя элементы, якія змяшчаюцца ў попеле, пераходзяць у растваральную форму і лёгка сыходзяць з павярхоўнымі і грунтавымі водамі. Толькі нязначная іх частка засвойваецца раслінамі.
Пасля травянога пажару ізноў прарастае толькі тая расліннасць, якая размножваецца карэнішчамі, накшталт пырніка. Меданосныя кветкі, культурная трава, якія ахвотна ядуцца хатнімі жывёламі ў складзе сена, размножваюцца насеннем, якое пры выпальванні травы згарае. Усюды, дзе прайшлі палы, не будзе ўжо ранейшага разнатраўя, пустазелле захопіць вызваленую тэрыторыю.
Пры падпале травы знішчаецца ўся карысная мікрафлора глебы, у тым ліку і тая, якая дапамагае раслінам супрацьстаяць хваробам. У агні гінуць шматлікія бесхрыбтовыя, насякомыя, жабы, яшчаркі, дробныя млекакормячыя і птушкі, якія ладзяць гнёзды на зямлі.
Працэс гарэння суправаджаецца выкідам у атмасферу вуглякіслага газу, згарэўшыя рэшткі ўгнаенняў і ядахімікатаў утвараюць лятучыя таксічныя арганічныя і неарганічныя злучэнні. Палы ўздоўж аўтадарог забруджваюць паветра цяжкімі металамі.
Звяртаем увагу!
Згодна Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях ад 6 студзеня 2021 г. № 91-З:
– за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад дзесяці да трыццаці БВ (артыкул 16.4).
– за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана накладанне штрафу ў памеры да дванаццаці БВ (артыкул 16.41);
Згодна пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 красавіка 2022 г. № 219 “Аб таксах для вызначэння памеру кампенсацыі шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, і парадку яе вылічэння” незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў з’яўляецца фактам прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю і прадугледжвае грамадзянска-прававую адказнасць. Памер кампенсацыі шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, вызначаецца па таксах, устаноўленых пунктам 6 Дадатка 8 да ўказанай пастановы.
Памятайце: сельскагаспадарчыя палы і выпальванне сухой расліннасці забаронены!
Надзея Сігай,
па матэрыялах Петрыкаўскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.







Оставить комментарий