У пятніцу, 3 красавіка, на стадыёне “Прыпяць” адбыўся таварыскі матч паміж футбольнымі клубамі “Петрыкаў” і “Вертыкаль” з Калінкавічаў.

Надвор’е было, як кажуць, самае футбольнае. Прысутныя, пэўна, як і аўтар гэтых радкоў, шукалі адказы на два галоўныя пытанні: у якіх спартыўных кандыцыях знаходзяцца зараз мясцовыя спартсмены і як падрыхтаваныя да гульні суседзі з Калінкавічаў?

Яшчэ ў час размінкі гледачы пачалі адзначаць, што звонку госці выглядаюць больш унушальна – прыцягвалі ўвагу некалькі ігракоў, чый рост, здавалася, быў вышэйшы за метр дзевяноста. Складвалася ўражанне, што і маладых футбалістаў у камандзе сапернікаў налічвалася больш. Тым цікавей было чакаць пачатку таварыскага паядынку, у спадзяваннях, што гаспадары распрацавалі адпаведны план на гульню, які павінен быў улічваць не толькі характар апанентаў, але і адведзены час – у рамках таварыскай сустрэчы кожная палова матча працягвалася 35 хвілін.

Першы тайм “Вертыкаль” пачала некалькімі імклівымі штурмамі петрыкаўскіх варот, “зарабіўшы” такім чынам, два вуглавых, якія не далі плёну. Калі хранометр адлічыў з дзясятак хвілін ад пачатку гульні, госці запаволілі тэмп і на полі назіраўся парытэт: мяч знаходзіўся пераважна ў цэнтральнай частцы поля. Магло скласціся ўражанне, што каманды прыглядаюцца адна да адной, шукаюць у сапернікаў слабыя месцы. На самой жа справе, усё было прасцей: падобны хвалісты тэмп паказваў, хутчэй, на стыхійны характар матчу, што, па сутнасці, для першага спарынгу сезона, пасля доўгага перапынку, зусім не дзіва. Прынамсі, ніякага камбінацыйнага футболу ці пазіцыйных атак пасля зацішша на пляцоўцы назіраць не выпадала.

Пасля дваццаці хвілін сустрэчы калінкавіцкія футбалісты зноў пачалі ”ціснуць”. Гульня перанеслася на палову поля прымаючага боку. Першыя два ўдары запусцілі мяч міма варот, а вось трэці прымусіў варатара адбіваць снарад у скачку. Калінкавіцкі нападаючы аказаўся першым на падборы без апекі і выправіў сваю папярэднюю памылку – 0:1.

Нашы спартсмены арганізавалі атаку ў адказ. Бліжэй да 30-й хвіліны сустрэчы стандарт традыцыйна ўзяўся выконваць Уладзімір Харланаў, вядомы трапнасцю дакладных удараў з кропкі. Так сталася і на гэты раз, сетка варот саперніка скалыхнулася, лік стаў роўным – 1:1.

Госці не хацелі страчваць перавагу і напрыканцы гульні здолелі арганізаваць некалькі штурмаў варот гаспадароў. Адзін з іх быў даволі небяспечным, але выратавала штанга, а на дабіванні не хапіла дакладнасці. Каманды пайшлі на перапынак з нічыйным лікам.
Прагноз на другую палову сустрэчы быў з пытаннем без адказу. Тое, што “Вертыкаль” будзе працягваць прэсінгаваць і намагацца забіць, няхай і не праз выканаўчае майстэрства, а хутчэй за кошт колькасці атак – было зразумелым. Але ці быў пры такім раскладзе план на гульню ў “Петрыкава”?

Напачатку другога тайма абодва бакі выглядалі роўна. Госці адыгрывалі стрымана, а мясцовы футбольны клуб пачаў выглядаць больш упэўнена. Наспявала неабходнасць у ініцыятыве, але праявілі яе, на жаль, не петрыкаўчане.

Недзе пасля хвілін васьмі другой паловы, “Вертыкаль” зноў дамінавала. На гэты раз каманда выкарыстоўвала больш разнастайны інструментарый: ціснулі ўсім калектывам, чаргуючы павольныя атакі з ударамі па варотах з дальняй, сярэдняй дыстанцыі і імклівымі праходамі да брамы асобных футбалістаў. Па ўсім было відаць, што абедзве дружыны стамляюцца: падала хуткасць, перадачы станавіліся недакладнымі, а галоўнае – сыходзіла канцэнтрацыя. Мясцовая абарона напачатку годна спраўлялася з ціскам, але пачала згасаць цягам 15-ці хвілін бесперапынных штурмаў. Усе разумелі, што памылка зменіць нічыйны лік, і доўга чакаць не давялося. На 23-й хвіліне нападзенне “Вертыкалі” скарысталася мітуснёй і разгубленасцю ў штрафной “Петрыкава” і выйшла наперад – 1:2.

Агульная стомленасць не дазваляла змяніць ход сустрэчы карэнным чынам. Толькі цягам некалькіх апошніх хвілін гаспадары здолелі перайсці ў наступленне, але істотна патурбаваць абарону апанентаў не атрымалася – фінальны свісток і перамога дасталася калінкавіцкай камандзе.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што “Вертыкаль” – хіба не мацнейшы калектыў дывізіёну з заходняй часткі вобласці. Не трэба і літаральна ўспрымаць вынікі спарынгу: у першай гульні сезону футбалістам патрэбна праверыць свой стан, зразумець перспектывы для далейшага развіцця. Ну, а калі гэта спалучаецца з сапраўдным іспытам для нашай абароны, якая справілася, на мой погляд, даволі ўдала – трэба разумець, што петрыкаўскія спартсмены выканалі адразу дзве важныя задачы.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.






Оставить комментарий