Уборка ўраджаю – адзін з самых адказных этапаў у сельскагаспадарчай вытворчасці. Ад правільна абранай тэхнікі, тэхналогіі і своечасовых рэгуляванняў напрамую залежаць тэрміны кампаніі і захаванасць вырашчанага ўраджаю.

Яшчэ на пад’ездзе да палеткаў БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” чутны гул магутных камбайнаў. Каля зернеўборачнай машыны мы сустрэлі Руслана Качэлю – чалавека, які не па чутках ведае працу на зямлі. Руслан Сяргеевіч ужо не раз станавіўся героем на старонках раённай газеты як камбайнер-тысячнік, а яго працоўны стаж у сельскай гаспадарцы складае больш за 20 гадоў. Сёння герой артыкула працуе на Петрыкаўскім рудаўпраўленні ААТ “Беларуськалій”, але на час жніва штогод прыходзіць на дапамогу ў ААТ “Чалюшчавічы”, каб падрымаць калектыў у гарачую пару. Дарэчы, менавіта ў гаспадарцы Руслан Сяргеевіч неаднаразова дасягаў сваіх рэкордных тысячных намалотаў.
Сучасныя зернеўборачныя камбайны займаюць ключавое месца ў аграрнай прамысловасці. Яны прайшлі доўгі шлях развіцця – ад простых механічных прылад да высокатэхналагічных машын з аўтаматызаваным кіраваннем. Руслан Сяргеевіч падрабязна азнаёміў нас з машынай, на якой працуе сёлета. У яго распараджэнні – камбайн “GS-12A1 Гомсельмаш”. Гэта сучасная магутная машына, абсталяваная кандыцыянерам і клімат-кантролем, што робіць працоўныя будні значна камфортнейшымі ў спякотныя дні.
– Збіраць і захоўваць ура-джай для краіны – гэта, перш за ўсё, наша праца, якую хочацца выканаць годна. На ўборцы важна ўсё. І надзейная якасная тэхніка, а беларускія камбайны не ўступаюць замежным аналагам, і дакладнае выкананне тэхналогіі. Тады і жніво будзе паспяховым.
Нягледзячы на капрызы надвор’я, работа ідзе па графіку. На момант сустрэчы ў гаспадарцы ўжо паспяхова завершана ўборка азімага рапсу: з 400 гектараў намалочана 1431 тона зерня, ураджайнасць склала без малага 36 цэнтнераў з гектара. Не менш уражвае вынік па азімым ячмені: 1464 тоны з 500 гектараў, што роўна 29,3 цэнтнерам з гектара.
– На полі яшчэ шмат работы. На дадзены момант намолачана 1221 тона з 413 гектараў. Хлебароб упэўнены, што дзякуючы надзейнай тэхніцы, і згуртаванаму калектыву, усе пастаўленыя задачы будуць выкананы ў тэрміны.
– Трэба працаваць якасна, ставіцца да справы адказна, выконваць усе пастаўленыя перад табой задачы. Зярнятка да зярнятку – каласок, да каласку – і вынік абавязкова будзе, – дзеліцца працаўнік палёў.
Жадаем нашым хлебаробам спрыяльнага надвор’я, спраўнай тэхнікі і высокіх намалотаў!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о