“Кліч Палесся” – пачатак гісторыі

0
69

Палессе – унікальны рэгіён, жыццё і культура якога выпеставана ў лясной багністай мясцовасці, наклаўшай свой адбітак на мову, культуру, побыт і менталітэт. Гэта назапашаная стагоддзямі спадчына стала асновай мерапрыемства, якое кожныя два гады збірае тысячы гледачоў і удзельнікаў.

У 2010 годзе Петрыкаўшчына ўпершыню запрасіла гасцей на І Адкрыты фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. У верасні аграгарадок Ляскавічы і тэрыторыя дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” напоўнілася тысячамі галасоў палешукоў і не толькі.

5,2 тысяч гасцей з’ехалася на фестываль, больш за 500 выканаўцаў і захавальнікаў народнай культуры Беларусі.

На алеі-кірмашы “Гандлёвая слабада” 11 палескіх раёнаў (8 з Гомельшчыны і 3 з Брэстчыны) прадставілі свае падворкі з этнаграфічнай самабытнасцю ў лепшых культурных і бытавых традыцыях палешукоў. Удзельнікі прэзентавалі гасцям свае рамёствы, стравы, абрады, асаблівасці рэгіёна. Кожны ахвочы мог наведаць майстар-клас па іх тэматыцы.

Аматарскія самадзейныя калектывы і індывідуальныя выканаўцы Палескага рэгіёна прадставілі багатую народную песенную і танцавальную спадчыну. Разам з аматарскімі калектывамі выступалі вядомыя артысты, папулярныя выканаўцы Беларусі і Украіны: Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, Нацыянальны заслужаны акадэмічны народны хор Украіны імя Г.Г. Вяроўкі, Беларускі Дзяржаўны ансамбль “Песняры”, арт-група “Беларусы”.

Цікавай і разнастайнай атрымалася маладзёжная танцавальна-забаўляльная праграма з удзелам гурта “Палац” і сучасных творчых маладзёжных калектываў і выканаўцаў.
На фестывалі таксама можна было пакаштаваць стравы рэгіянальнай кухні палешукоў, паўдзельнічаць у рыбалцы, праехацца на лодцы ці цеплаходзе па хуткаплыннай Прыпяці і, зразумела, набыць сувенір, наведаць атракцыёны.

Гэта быў толькі пачатак, з якога знакавая падзея пачала свой шлях на прасторах Палесся.

Надзея СІГАЙ,
фота з інтэрнет-крыніц.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о