Кажуць, у кожнай жанчыны ёсць свая таемная зброя – усмешка, здольная растапіць нават самае суровае сэрца. Але гераіня нашага сённяшняга аповеду валодае куды больш рэдкай суперсілай: у яе позірку гарманічна спалучаюцца прыродная жаноцкасць і жалезная прафесійная вытрымка, далікатная грацыя і здольнасць імгненна прымаць рашэнні ў складаных сітуацыях. Яна штодзень даказвае, што мужнасць не мае гендару, а пагоны могуць быць сапраўдным упрыгожваннем жанчыны.

Наша гераіня – камандзір аддзялення груп затрымання Дэпартамента аховы прапаршчык міліцыі Юлія Жогаль. Гледзячы на яе, цяжка ўявіць, што гэтая далікатная жанчына ўжо 17 гадоў носіць пагоны і кіруе мужчынамі на сур’ёзнай службе.
Ад лічбаў – да статута
Пра тое, як кардынальна змяніўся яе лёс, Юлія сёння ўзгадвае з усмешкай. Па адукацыі яна бухгалтар, але ў гэтай прафесіі не працавала ніводнага дня. Калі прыйшоў час забіраць дыплом, у яе душы пасялілася трывога – інтуіцыя падказвала, што сухая праца з лічбамі і справаздачамі не для яе. Менавіта у гэты момант знаёмыя прапанавалi паспрабаваць нешта зусім іншае і пайсці ў войска. Юлія рызыкнула. Пачала свой шлях тэлефаністкай і адразу палюбіла армейскую арганізаванасць, жалезную дысцыпліну і выразнае разуменне важнасці кожнай хвіліны. Гэтая дакладнасць стала яе жыццёвым крэда.
На варце бяспекі
Апошнія шэсць гадоў Юлія служыць у Дэпартаменце аховы. Змена месца жыхарства прывяла яе на новую, куды больш складаную і адказную службу. Сёння яна – камандзір аддзялення груп затрымання. На яе далікатных плячах трымаецца арганізацыя дзейнасці спецгруп, строгі ўлік і глыбокі аналіз іх працы, кантроль за тэхнічным станам і эксплуатацыяй службовага транспарту, бездакорнае вядзенне дакументацыі. Тут, сярод суровых будняў, яе паважаюць за цвёрды характар і прафесіяналізм.
Надзейнае плячо і аднадумцы
Распавядаючы пра свае штодзённыя абавязкі, Юлія з асаблівай цеплынёй і вялікай удзячнасцю гаворыць пра калектыў. Тут яна, між іншым, адзіная жанчына ў пагонах. Мужчынская прафесія патрабуе поўнай самааддачы, але менавіта сярод калег-ахоўнікаў наша гераіня адчувае сябе на сваім месцы і па-сапраўднаму патрэбнай. У аддзяленні няма падзелу на “мужчынскую” і “жаночую” працу, бо ўсе робяць адну вялікую агульную справу – стаяць на варце бяспекі грамадзян.
Юлія ўпэўнена: калі побач трывалае плячо аднадумцаў, любыя складаныя задачы вырашаюцца лягчэй. Калегі заўсёды падтрымаюць у цяжкую хвіліну, падкажуць і дапамогуць. Гэта не проста супрацоўнікі – гэта сапраўдная каманда, дзе паважаюць прафесіяналізм і цэняць кожнага чалавека.
Гавань, дзе жыве любоў
Але варта Юліі вярнуцца дадому, як камандзірскі голас змяняецца на даверлівую размову. Наша гераіня – шматдзетная маці. Два сыночкі і дачушка – яе сапраўдная ціхая гавань, дзе пасля цяжкай змены адпачывае душа. Юлія прызнаецца: менавіта сям’я дае ёй сілы быць моцнай на працы. Дома яна не камандзір, а клапатлівая маці, якая ведае сакрэты кожнага са сваіх дзетак. Як усё паспець? Сакрэт Юліі – у актыўным руху. Яна вельмі любіць спорт, які дапамагае трымаць сябе ў тонусе, і з’яўляецца актыўным членам “Беларускага саюза жанчын”. Грамадская дзейнасць дазваляе ёй дарыць цяпло і дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу.
У Год жанчыны прыклад нашай гераіні даказвае, што сучасная беларуская жанчына здольная сумясціць несумяшчальнае: заставацца жаноцкай і ласкавай, быць узорнай маці і адначасова ўпэўнена і годна насіць пагоны, абараняючы спакой нашай Радзімы.
                        

  Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о