Фактар прадуктыўнасці на сельскай ніве

0
512

З пачаткам вясенняй сяўбы перад аграрыямі Петрыкаўшчыны пастаўлены адказныя задачы. У такі напружаны перыяд асаблівую важнасць набывае стварэнне ўмоў для эфектыўнай працы. Адным з такіх фактараў з’яўляецца арганізацыя гарачага харчавання.

Карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” прасачылі за дадзеным працэсам на прыкладзе ААТ “Пціч-Агра”.

У гэтым годзе за падрыхтоўку абедаў для механізатараў ААТ “Пціч-Агра” адказваюць работнікі сталовай Петрыкаўскага ПМС: кухары Кацярына Юхневіч і Тамара Белкавец, кухонны рабочы Наталля Дзягцяр. Варта адзначыць, што сталовая прадпрыемства меліяратыўных сістэм у такой важнай справе задзейнічана ўпершыню.

– Мы па-свойму ўносім уклад у будучы ўраджай – гатуем смачныя абеды для нашых аграрыяў, – адзначыла загадчык вытворчасці Ала Яўменава. – Спецыяльнага меню для сельгаснікаў не складаем: што плануем для сваіх, тое прапануем і механізатарам.

Жанчына дэманструе меню, якое ўражвае разнастайнасцю. Мясныя стравы на тыдзень практычна не паўтараюцца: тут і катлеты, паджарка, падліўка, мяса розных гатункаў. Першыя стравы і гарніры таксама на любы густ. Акрамя таго, да кампота або чаю работнікі сталовай выпякаюць свежыя булачкі. У час прыезду карэспандэнтаў абед прадугледжваў боршч, макароны з катлетамі, салат са свежай гародніны. Усё выглядала вельмі апетытна.

У пазначаны тэрмін на транспарце сельгасарганізацыі прыязджае раздатчык. Ежай запаўняюцца асобныя для кожнага чалавека тэрмакантэйнеры. Важна адзначыць, што порцыі досыць аб’ёмныя, што немалаважна для людзей, якія займаюцца цяжкай фізічнай працай.

– Раніцай работнікам сталовай паведамляем колькасць неабходных абедаў на дзень – у нас харчуюцца да дваццаці чалавек. Працаваць са сталовай вельмі камфортна і зручна, – дзеліцца раздатчыца Алена Коль. – Бывае, “паёк” неабходна даставіць у дзесяць пунктаў. Але дзякуючы спецыяльным тэрмасам, ежа застаецца гарачай.

Машына з гарачымі абедамі прыбывае на поле. Механізатары, убачыўшы знаёмы транспарт, пад’язджаюць да прызначанага месца. Перад тым, як атрымаць сваю порцыю, яны мыюць рукі пад чуткім наглядам Алены. Пасля атрымання кантэйнера, некаторыя з іх ідуць прымаць ежу ў абсталяваны столікам кузаў, але большасць аддае перавагу абедаць проста на траве, пад адкрытым небам.

Нягледзячы на інтэнсіўны працоўны дзень, мужчыны знаходзяцца ў добрым настроі, жартуюць, дзеляцца ходам “палявых” спраў. Яны не супраць пагутарыць і з работнікамі СМІ. Толькі не доўга – кожная хвіліна на рахунку. Цікавімся меркаваннем наконт арганізацыі харчавання.

– Кормяць нас сытна. Я нават не магу сказаць, якія стравы мне больш падабаюцца. Усё, што прапануюць работнікі сталовай, прыгатавана смачна, – дзеліцца Андрэй Кісялевіч.

– Прывозяць усё гарачае, духмянае. Наядаемся спаўна. Дзякуй за такія абеды, – дадае Валерый Самбук.

Яшчэ мужчыны расказалі, што прыкладны кошт абеда складае ад 6 да 7 рублёў. Гаспадарка для сваіх работнікаў аплачвае 50 % ад кошту. Выходзіць за абед прыкладна 3 рублі, згадзіцеся – зусім не дорага. Механізатары адзіныя ў думцы: гарачае харчаванне дадае сіл і жадання працаваць да позняга вечара.

Пажадаем нашым аграрыям баявога настрою і добрага надвор’я.
Дзякуй вам за працу на зямлі, шаноўныя!

Фактар прадуктыўнасці на сельскай ніве Фактар прадуктыўнасці на сельскай ніве Фактар прадуктыўнасці на сельскай ніве Фактар прадуктыўнасці на сельскай ніве Фактар прадуктыўнасці на сельскай ніве Фактар прадуктыўнасці на сельскай ніве Фактар прадуктыўнасці на сельскай ніве Фактар прадуктыўнасці на сельскай ніве Фактар прадуктыўнасці на сельскай ніве

Святлана СОБАЛЕВА, фота Марыі ТАМКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о