На календары доўгачаканыя летнія канікулы – час адпачынку для школьнікаў, перыяд, які патрабуе асаблівай увагі да арганізацыі бяспечнага і карыснага вольнага часу непаўналетніх.
Для таго, каб летнія канікулы сталі не толькі цікавымі, але і бяспечнымі, карыснымі для развіцця непаўналетніх, на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшла дыялогавая пляцоўка з прадстаўнікамі міжведамасных структур па тэме: “Арганізацыя карыснай занятасці непаўналетніх у перыяд летніх канікул, прафілактыка траўматызму і гібелі дзяцей ад знешніх прычын”. У абмеркаванні пытання ўдзельнічалі: намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Наталля Ходзька, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Усціновіч-Насека, начальнік аддзялення ДАІ Петрыкаўскага РАУС Мікалай Шыбанаў, прадстаўнікі зацікаўленых структур і арганізацый.
Пытанне карыснай занятасці актуальнае падчас летніх канікул. Многія школьнікі імкнуцца правесці лета з карысцю і зарабіць свае першыя грошы. У сувязі з гэтым, камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама і было арганізавана мерапрыемства з удзелам усіх зацікаўленых структур.
Адкрываючы сустрэчу, Наталля Ходзька адзначыла, што пытанне занятасці дзяцей у летні перыяд вельмі важнае, паколькі размова ідзе пра іх бяспеку. Фармальны падыход тут недапушчальны. Задача дарослых і, у першую чаргу бацькоў, – ведаць, дзе і з кім знаходзіцца дзіця, чым займаецца, каб не здарылася непрыемнасцяў, а тым больш непапраўнай бяды. – Карысная занятасць – гэта не проста спосаб заняць вольны час дзіцяці. Гэта найважнейшы фактар, які спрыяе фарміраванню адказнасці, самадысцыпліны, станоўчых каштоўнасцяў і прафілактыкі гібелі і злачыннасці сярод непаўналетніх.
Наталля Мікалаеўна падкрэсліла важную ролю лагераў працы і адпачынку. Гэта выдатная магчымасць для навучэнцаў не толькі адпачыць, але і набыць практычныя навыкі, папрацаваць у камандзе і ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне нашага раёна.
Як заўважыла Вольга Усціновіч-Насека, абавязковым з’яўляецца далучэнне да карыснай занятасці дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама дзяцей, якія знаходзяцца на розных відах уліку, прызнаных у сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей-сірот і дзяцей, якія часова засталіся без апекі бацькоў.
На мерапрыемстве ўдзельнікі абмеркавалі важныя фактары, якія спрыяюць фарміраванню адказнасці і дысцыпліны ў падлеткаў, а таксама меры па прафілактыцы гібелі і злачыннасці сярод непаўналетніх.
Прадстаўнікі міжведамасных структур падзяліліся вопытам арганізацыі летняй занятасці ў мінулым годзе і распавялі пра планы на 2026 год. Прысутныя агучылі свае прапановы і пажаданні па працаўладкаванні навучэнскай моладзі.
Пасля абмеркавання асноўных пытанняў, удзельнікі дыялогавай пляцоўкі сышліся ў меркаванні, аб неабходнасці аб’яднання намаганняў для вырашэння пытанняў занятасці моладзі, асабліва тых, хто стаіць на розных відах уліку. Таксама небходна актывізаваць работу па арганізацыі занятасці ў вольны ад вучобы час.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.







Оставить комментарий