Заўтра Петрыкаўская зямля гасцінна расчыніць свае дзверы для ўдзельнікаў і гасцей IX Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”.
За кожным такім афармленнем стаіць карпатлівая праца вялікай каманды майстроў. Адзін з такіх – Дзмітрый Струк, загадчык філіяла “Петрыкаўскі раённы Дом рамёстваў”. Мужчына можа пахваліцца, што быў задзейнічаны ў падрыхтоўцы падворкаў на этнафестывалі, пачынаючы з самага першага, які прайшоў у 2010 годзе.
Для майго суразмоўцы падрыхтоўка да фестывалю – не проста працоўны працэс, а творчы выклік. Майстар дасканала валодае сталярнай і цяслярскай справай, разьбой па дрэве. Акрамя таго герой аповеду прыгожа малюе. Яго здольнасць бачыць кампазіцыю, спалучаць фактуру дрэва з мастацкім афармленнем дазваляе ствараць на падворку раёна асаблівую карціну.
– Сапраўдны “прарыў” адбыўся пасля рэканструкцыі “Музея пад адкрытым небам” у Ляскавічах. Магчымасці фестывалю пашырыліся, і з кожным годам свята набывае ўсё больш неверагодны маштаб, – адзначае мужчына.
Суразмоўца прызнаецца, што ў гэтым годзе канцэпцыя падворка Петрыкаўскага раёна абяцае быць як заўсёды цікавай. Яго тэрыторыю вырашылі падзяліць на дзве зоны. Першая – “Старына” – госці змогуць пазнаёміцца з традыцыйнымі палескімі заняткамі: бортніцтвам, ткацтвам і рыбалоўствам. Другая – “Фальклор і міфалогія” – тут будуць прадстаўлены магічныя травы і міфічныя істоты, якія здаўна насялялі палескія лясы і балоты ў народных уяўленнях.
Оставить комментарий