Светлае і радаснае свята – Дзень Вялікай Перамогі – мы адзначым чарговы раз 9 мая. Неабыякавы чалавек прапускае яго праз сэрца і душу, бо ў кожнай беларускай сям’і ёсць свая, асабістая старонка ў гісторыі Вялікай Айчыннай, якая абавязкова перадаецца з пакалення ў пакаленне ўжо на працягу васьмі дзесяцігоддзяў. Сямейныя гісторыі часоў вайны памятаюць і паўтараюць дзеці, унукі, праўнукі. Аб’ядноўвае ўсіх адно – пачуццё глыбокага шанавання подзвігу родных, землякоў, суайчыннікаў, сваёй краіны.

Памяць, якая аб’ядноўвае пакаленні

Як вымераць тое, колькі людзі аддалі за Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне? Ці можна ацаніць, чыё жыццё, смерць, чый подзвіг паскорылі яе больш за іншых? Таго васямнаццацігадовага салдата тэрміновай службы, што загінуў 22 чэрвеня 1941 года, ці таго, што прайшоўшы праз усю вайну, вярнуўся пераможцам? Няма адказу… Бо няма цаны гэтай спадчыне, подпісы пад якой зроблены крывёю.
Адбудаваліся гарады і вёскі пасля разбуральнай вайны… На жаль, усё менш побач тых, хто можа расказаць пра тыя крывавыя гады. Але сваімі аповедамі яны прымушаюць нас памятаць пра мінулае, ведаць імёны герояў і ахвяр мінулага ліхалецця, каб яе жахі ніколі больш не паўтарыліся. І пакуль жывая памяць, мы абавязаны захаваць яе ў імя будучых пакаленняў.

Памяць, якая аб’ядноўвае пакаленні
Адзін з тых, хто прайшоў дарогамі вайны да самага Берліна, – Рыгор Іванавіч Мамроў, удзельнік Савецка-фінскай і ветэран Вялікай Айчыннай войнаў. Яго баявы шлях адзначаны ўзнагародамі: двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, “За ўзяцце Берліна” і “За вызваленне Варшавы”, Падзякай за выдатныя баявыя дзеянні пры прарыве абароны немцаў у горадзе Штаргард і выхад на ўзбярэжжа Балтыйскага мора ў раёне горада Нольберг загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза Іосіфа Сталіна, Падзякай ад галоўнакамандуючага Савецкімі акупацыйнымі войскамі ў Германіі Маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава.

Памяць, якая аб’ядноўвае пакаленні
У сям’і Мамровых пра вайну расказвае сын ветэрана Валерый Рыгоравіч.
– Са слоў бацькі я ведаю, што в 1936 году ён быў у званні старшыны, служыў у 136 гарматнай артылерыйскай брыгадзе.
Узнагародны ліст сведчыць:
“Старшына Мамроў у баях з нямецкімі захопнікамі, працуючы старшыной, праяўляў смеласць і мужнасць. На агнявую пазіцыю ў раёне Берліна неабходна было даставіць боепрыпасы. Нягледзячы на моцны абстрэл аб’язных шляхоў, што не дало магчымасцяў падвезці снарады на трактарах, старшына Мамроў на павозцы на працягу сутак бесперапынку дастаўляў боепрыпасы і адначасова дапамагаў весці агонь разліку. Дзякуючы воінскай знаходлівасці і смеласці, батарэя не адчувала недахопу ў боепрыпасах і задача была выканана своечасова…”

Памяць, якая аб’ядноўвае пакаленні
Пасля завяршэння вайны ў пераможным 1945-ым салдат вярнуўся да мірнага жыцця. Спачатку жыў у вёсцы Вышалаў, а потым пераехаў з сям’ёй ў Петрыкаў. І менавіта тут раскрыўся яго творчы талент. Рыгор Іванавіч узначаліў мясцовы Дом культуры і стаў кіраўніком духавога аркестра.
– Гэты аркестр добра памятаюць многія землякі: пад кіраўніцтвам майго бацькі калектыў займаў прэстыжныя рэспубліканскія ўзнагароды. За выдатныя дасягненні яны былі ўдастоены паездкі на ВДНГ у Маскву і ў Ленін-град, – успамінае сын ветэрана.
Разам з жонкай Валянцінай Паўлаўнай яны выхавалі чацвярых дзяцей Тамару, Анатолія, Аляксандру, Валерыя, якія далі жыццё сямі ўнукам, дзесяці праўнукам і шасці прапраўнукам.

Памяць, якая аб’ядноўвае пакаленні
Але самае галоўнае – у гэтай сям’і беражліва захоўваюць памяць не толькі ў коле родных. На сённяшні дзень частка экспанатаў, звязаных з жыццём і подзвігам ветэрана Вялікай Айчыннай Вайны, перададзены ў Петрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Азнаёміцца з імі можа кожны жадаючы.
Валерый Рыгоравіч ўпэўнены, што менавіта гісторыі ваеннага часу, пра якія мы даведаліся не з сацыяльных сетак, не з фільмаў, а з тых дакументаў і ўспамінаў блізкага чалавека, будуць перададавацца з пакалення ў пакаленне.
Сёлета спаўняецца 111 гадоў з дня нараджэння нашага земляка,удзельніка вайны. Не сціхаюць гарматы мінулага, усё менш тых, хто можа расказаць пра цяжкія выпрабаванні ваеннага ліхалецця. Але дзякуючы нашым бацькам, дзедам і прадзедам мы ведаем імёны герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Дзякуй за тое, што мы жывём пад мірным небам і яркім сонцам у квітнеючай Беларусі! Дзякуй за Перамогу! Мы памятаем, мы ганарымся!

Марыя ТАМКО, фота аўтара і з сямейнага архіва.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о