Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі спажывецкай кааперацыі.

На Петрыкаўшчыне да гэтай важнай галіны адносяцца працаўнікі Жыткавіцкага, Акцябрскага і Калінкавіцкага філіялаў Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства.
Гэта людзі, чыя штодзённая праца накіравана на забеспячэнне жыхароў раёна неабходнымі таварамі і паслугамі. Адна з тых, хто робіць жыццё землякоў больш зручным і камфортным, – прадавец магазіна ў вёсцы Снядзін Таццяна Рубчэўская.
– Снядзін – мая малая радзіма. Тут я нарадзілася і, як кажуць, спатрэбілася, – дзеліцца гераіня – Калі яшчэ была дзяўчынкай, мы з маці пераехалі жыць у Мазыр. Але я праз час вярнулася назад да бабулі і дзядулі, якім патрэбна была ўжо дапамога па хатняй гаспадарцы. Тут скончыла базавую школу, выйшла замуж, стварыла сям’ю. Ведаеце, заўсёды адчуваю глыбокую сувязь з роднымі мясцінамі.
Працоўны дзень работніка кааперацыі насычаны і разнастайны. Абслугоўвае крама не толькі жыхароў Снядзіна: два разы на тыдзень прадавец выязджае з таварамі ў Мардзвін і Белін.
– У нашай краме ёсць усё неабходнае – ад прадуктаў харчавання да тавараў для дома, – з гонарам адзначае Таццяна Анатольеўна. – Большасць прадукцыі – беларускай вытворчасці, і яна карыстаецца ў жыхароў попытам. Калі прыязджаюць у нашы жывапісныя мясціны адпачываць госці з Расійскай Федэрацыі, яны таксама набываюць беларускае, асабліва марожанае і ахаладжальныя напоі.
Але магчымасці крамы не абмяжоўваюцца стандартным наборам тавараў. У гандлёвым аб’екце можна замовіць усё – ад шыферу да торта на дзень нараджэння.
Я лічу, калі прыходзіць чалавек і нешта не знаходзіць – гэта недапушчальна ў наш час. Мой ключавы прынцып у працы – заўсёды ісці насустрач пакупніку і старацца задаволіць любы яго запыт.
За сваю адданую працу і высокія вынікі Таццяна Анатольеўна з’яўляецца перадавіком галіны. Яна заўсёды выконвае план і заслугоўвае словы падзякі як ад кіраўніцтва, так і ад насельніцтва. Яе праца – гэта не проста продаж тавараў, гэта ўважлівае стаўленне да кожнага чалавека.
У гэты святочны дзень хочацца павіншаваць усіх работнікаў спажывецкай кааперацыі Петрыкаўшчыны з прафесійным святам! Няхай ваша праца заўсёды будзе адзначана ўвагай і павагай людзей, а кожны дзень прыносіць задавальненне ад выкананай справы.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о