“Бярозавы гай” на даху

0
75

Экалогія і азеляненне – рэчы, безумоўна, карысныя і патрэбныя. Але ўсяму сваё месца. Наўрад ці архітэктары і будаўнікі планавалі стварэнне “жывога даху”, калі ўзводзілі адзін з аб’ектаў, які сёння належыць ТАА “Пасат”. Аднак прырода вырашыла інакш, скарыстаўшыся звычайнай чалавечай няўважлівасцю.

Сёння на даху будынка буяе сапраўдны малады бярозавы гай. Карціна, магчыма, для кагосьці і рамантычная, але з гаспадарчага пункту гледжання – абсалютна непрымальная.

Кожны будаўнік і домаўладальнік ведае: расліны на даху – гэта першы крок да яго разбурэння. Карані маладых бярозак, шукаючы вільгаць, няўмольна свідруюць стыкі, раздзіраюць дахавыя матэрыялы і руйнуюць муроўку. Тое, што сёння здаецца дробным недаглядам, заўтра абернецца капітальным рамонтам і сур’ёзнымі фінансавымі стратамі для прадпрыемства.

Дзіўна, чаму кіраўніцтва арганізацыі не заўважае гэты “зялёны куток” прама ў сябе над галавой. Няўжо для таго, каб зняць з даху некалькі маладых парасткаў, патрэбны нейкія звышнатуральныя рэсурсы ці спецыяльныя праграмы? Тут дастаткова звычайнай гаспадарчай руплівасці і жадання захаваць сваю ж маёмасць у парадку.

Спадзяемся, што пасля гэтага сігналу адміністрацыя згаданай арганізацыі аператыўна накіруе на дах рабочых з інструментам. Ліквідаваць гэты “дэкаратыўны” недахоп варта бліжэйшым часам – пакуль карані дрэў канчаткова не прапісаліся ў каштарысе будучых выдаткаў на рамонт.

В.МІКАЛАЕВА,
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о