
Днямі ў Мінску прайшоў II Рэспубліканскі маладзёжны жаночы форум “Жаночая энергія для вялікай справы”, які сабраў каля 200 самых яркіх, ініцыятыўных і таленавітых дзяўчат з усёй краіны. Гэтая маштабная падзея, арганізаваная Беларускім саюзам жанчын і Маладзёжным саветам пры Савеце Рэспублікі, стала сапраўднай пляцоўкай для абмеркавання будучыні, дзе голас маладога пакалення гучыць упэўнена і стваральна.
Ключавой падзеяй форуму стаў адкрыты дыялог удзельніц са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай. Размаўляючы з моладдзю, спікер верхняй палаты парламента расставіла важныя дзяржаўныя і чалавечыя акцэнты, нагадаўшы, што клопат пра чалавека – гэта аснова нашага ладу жыцця.
Сярод галоўных прыярытэтаў Наталля Іванаўна выдзеліла абарону інстытута сям’і і захаванне здароўя жанчыны:
“Клопат пра сям’ю, падтрымка мацярынства і дзяцінства, а таксама рэпрадуктыўнае здароўе жанчыны – гэта непарушны прыярытэт нашай дзяржаўнай палітыкі. Моцная, здаровая сям’я, дзе шануюцца традыцыі і нараджаюцца дзеці, – гэта гарантыя бяспекі і шчаслівай будучыні ўсёй Беларусі”.
Парламентарый заклікала дзяўчат быць актыўнымі, берагчы духоўную сувязь паміж пакаленнямі і памнажаць тое добрае, што ствараецца ў нашай краіне.
Тэмы, узнятыя на рэспубліканскім узроўні, знайшлі жывы водгук і ў нашым раёне. Сваім меркаваннем аб значнасці форуму і актуальнасці яго павесткі падзялілася член раённага маладзёжнага крыла Беларускага саюза жанчын, старшыня маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў Марыя Тамко: ”Нягледзячы на тое, што сёння адбываецца ў свеце, якія трывожныя трансфармацыі перажывае міжнародная супольнасць, для нас, беларусак, як ніколі важна быць адзінымі. Мы бачым, як моладзь краіны згуртавалася вакол вечных каштоўнасцяў – сям’і, мацярынства і сапраўднай жаноцкасці. Моцная сям’я – гэта моцная дзяржава. І хоць не кожнаму ўдалося прысутнічаць у зале форуму асабіста, мы на Петрыкаўшчыне цалкам падзяляем гэты курс. Наша маладзёжнае крыло гатова накіраваць усю сваю энергію і патэнцыял на тое, каб захоўваць мір, умацоўваць традыцыі на месцах і быць на-дзейнай апорай для сваёй краіны”.
Падчас форуму дзяўчаты працавалі ў тэматычных секцыях, прысвечаных псіхалагічнай устойлівасці, лідарству, жаночаму здароўю і таму, як сучаснай маме паспяхова сумяшчаць мацярынства з актыўнай кар’ерай.
Галоўны вынік гэтай вялікай сустрэчы – разуменне таго, што жаночая энергія Беларусі здольная зрабіць любую маштабную справу дзеля мірнага і шчаслівага будучага роднай зямлі.
Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий