Суботнім вечарам амфітэатр гарадскога парка ператварыўся ў эпіцэнтр творчасці, энергіі і выдатнага настрою – аматараў культурнага адпачынку вітала традыцыйная летняя маладзёжная пляцоўка. Святочную канцэртную праграму для жыхароў і гасцей Петрыкаўшчыны падрыхтавалі навучэнцы гімназіі.
Канцэрт атрымаўся па-сапраўднаму надзвычайным, і гарачая рэакцыя публікі стала таму лепшым пацверджаннем. Наогул, такія летнія пляцоўкі – гэта цудоўная магчымасць для рабят праявіць сябе па-за рамкамі звыклага школьнага жыцця. Мы і так ведаем, якія таленавітыя нашы дзеці, але тут, перад вялікай і адкрытай аўдыторыяй, іх здольнасці раскрываюцца зусім па-новаму.
Падобныя творчыя сустрэчы – цудоўная нагода для бацькоў, бабуль і педагогаў парадавацца за сваіх дачок, сыноў, унукаў, вучняў, а для ўсіх аматараў актыўнага адпачынку – сустрэцца, атрымаць асалоду ад моманту і шчыра захапіцца творчасцю юнага пакалення.
Гэтым суботнім вечарам, без перабольшання, на культурным небасхіле Петрыкаўшчыны запалілася не адна таленавітая зорачка. Вялікая падзяка за гэтае свята і самім дзецям, і педагогам, якія дапамаглі ім падрыхтавацца. Такія сустрэчы наглядна даказваюць важнасць карыснай занятасці моладзі летам. Актыўны, прыемны і эстэтычны вольны час дапамагае рабятам не проста адпачываць, а самавыяўляцца і культурна развівацца.
Завяршыўся гэты цудоўны вечар, якому спрыяла і само надвор’е, традыцыйнай рэтра-дыскатэкай, дзе кожны ахвочы змог прадоўжыць суботняе свята ў запальным танцы.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.






Оставить комментарий