Летнія канікулы для дзяцей з гімназіі горада Петрыкава – гэта не толькі адпачынак, але і магчымасць зрабіць для вучняў умовы ў новым навучальным годзе больш зручнымі, атрымаць першыя прафесійныя навыкі, і зарабіць грошы.

Зроблена сваімі рукамі

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама штогод арганізуе ў перыяд канікул часовую працоўную занятасць моладзі, якая навучаецца ва ўстановах адукацыі. Фінансуецца такая занятасць за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь. 2026 год – не выключэнне. Так, з 15 чэрвеня навучэнцы 8-9 класаў установы адукацыі прымаюць актыўны ўдзел у праекце другаснай занятасці. І трэба сказаць, робяць гэта з сапраўднай адказнасцю.

Зроблена сваімі рукамі
У гэтым мы пераканаліся, наведаўшы гімназію горада Петрыкава. Пад чулым кіраўніцтвам Аляксандра Чычыкайла, настаўніка працоўнага навучання, узяліся гімназісты за сур’ёзную справу. У праекце прымаюць удзел 15 хлопцаў, якія за 10 дзён плануюць цалкам адрамантаваць 70 адзінак вучэбнай мэблі.
Нам пашчасціла паназіраць за рабочым працэсам. З першых гадзін працы з інструментам, юныя майстры спраўна круцяць шурупы, падцягваюць ножкі вучэбнай мэблі і рыхтуюць столкі да новага навучальнага года. А самае галоўнае – разам і па-сяброўску!

Раман Стральчэня, вучань 8 “Б” класа дзеліцца:
– Гэта мой першы працоўны досвед у перыяд летняй занятасці. Рады, што ў нас у гімназіі можна паспрабаваць сябе ў сталярнай справе. Я думаю, са мной паго-дзяцца мае сябры, што папрацаваць чатыры гадзіны ў дзень – зусім не цяжка. Тым больш, што можна зарабіць за добрую справу грошы. Ужо запланаваў зрабіць матулі прыемны сюрпрыз.

Зроблена сваімі рукамі
А вось Яўгеній Рублеўскі, таксама з 8 “Б”, у гэтай справе бывалы. Чатыры гады запар хлопчык удзельнічае ў алімпіядзе па працоўным навучанні, не аднаразова станавіўся дыпламантам на раённым узроўні. Таму другасная занятасць для Яўгенія – гэта не проста заробак.
– Для мяне гэта і ўдасканаленне навыкаў, і сустрэчы з сябрамі, і карыснае правядзенне часу. Грошы адкладу на набыццё камп’ютара, – гаворыць юнак.
Тым часам педагог Аляксандр Аляксеевіч назірае за працай з задавальненнем і з гонарам адзначае: рабяты працуюць вельмі рупліва.
– У праекце ўдзельнічаюць алімпіяднікі па працоўным навучанні: Нікіта Кулеш, Максім Судзібар і Яўгеній Рублеўскі. Я ўпэўнены: з пастаўленай задачай усе мы справімся. І вучэбная мэбля да новага навучальнага года будзе адрамантавана якасна.

Марыя Тамко,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о